Старонка:Вінаваты (1930).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А то аднаго ловім мы, а іх дзесяць на волі гуляюць і робяць сваё і новых гатуюць...

Ён стаў на каленкі на ложку і выцягнуўшы яшчэ болей голаў у бок да Мікіты яшчэ цішэй зашаптаў.

— Калі ня зробяць так, як я кажу, дык на дрэнна будзе. Сёньня мы ловім іх, мы за іх мацней, а калі будзе так, дык да таго дойдзе, што яны верх возьмуць, ды нас ссылаць у катаргу будуць... Вось... Я з адным купцом гаварыў, ён ведае гэную мэханіку ўсю. У іх такія ёсьць, што яго вешаюць, а ён крычыць: Не перавешаеце ўсіх, блізкі і ваш канец. На шыі вяроўка ў яго, а ён рады, нібы ведае, што яго час прыйдзе... І прыйдзе, калі так будзем з імі... І страх ад усяго гэтага. Бачыў я, як аднаго вешалі, маладога, як дзяўчына, і тонкі такі... Таксама крычаў... Як вялі яго дык я забег ды ў вочы зірнуў, хацелася мне тады ўбачыць, што ў ваччу чалавека перад сьмерцю. А ў ваччу ў яго было нешта страшнае, бліскучыя вочы такія, гараць... Напалохаўся я... Ён часта мне сьніцца. І сёньня сьніўся. Вось я і малюся...

Ад шэптаў і слоў Зубковіча на Мікіту находзіў страх. Але ў яго сэрцы было ўжо нешта, што паўставала супроць страху і перамагала яго, гэта была надзея на ўзнагароду і павышэньне ў чыне, калі ўдасца выкрыць незнаёмую з яе злоўмыснымі плянамі. А з гэтым спляталася ўяўленьне аб далёкай, вабячай будучыне, якая перамешаная са страхам соладка казытала нэрвы. Мікіта думаў ужо пра тое, як ён, атрымаўшы ўзнагароду і большы чын, купіць болей зямлі, альбо пераедзе зусім у горад і перавязе жонку. 3 гэ-