Старонка:Вінаваты (1930).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Маліўся я... Дурное наша жыцьцё, я гэта табе толькі кажу, чуеш, каб нікому болей. Мы цару павінны служыць і служам, нас павінны за гэта паважаць людзі, а нас баяцца, намі пагарджаюць, нас за сабак лічаць... Я ня першы год служу, я многа іхнага брата бачыў. Усе яны такія кволыя на выгляд, іх нямнога, а мы іх баімся... У іх розныя ёсьць, і жыды, і праваслаўныя, і каталікі; і з простага народу, і з паноў... Калі праўда ў нас, дык чаго мы баімся? Калі ворагі яны, дык чаго мы ад іх хаваемся? А? Я, брат, над гэтым думаў...

Зубковіч на руках узьняўся на ложку, выцягнуўся ў бок Мікіты і ціха сьпяшаючыся шэпча гэтыя словы. У Мікіты зьяўляецца жаданьне прызнацца, што і ў яго зьяўляліся часам такія-ж думкі, але ён успамінае незнаёмую і замест гэтага ні з таго, ні з сяго пытае:

— Дык чаго-ж ты служыш, калі цяжка?

— А куды-ж мне, — адказаў Зубковіч, — мне некуды болей, прывык я да гэтага хлеба.

Памаўчаў крыху, чакаў слоў Мікіты, і, не дачакаўшыся, зноў зашаптаў.

— Служба ў нас сабачая... Сочым мы, паліцыя сотнямі іх арыштоўвае і ня толькі ў нашым горадзе, а скрозь, па ўсёй Расіі, а яны ўсё ёсьць і ёсьць... Хочам мы іх па аднаму пералавіць ды ў катаргу пассылаць, а нічога ня выходзіць, бо ня так трэба... — Ён зашаптаў яшчэ цішэй. — Трэба-б сабраць усіх, хто за цара, за веру, увесь народ, ды адразу з імі і кончыць... Крыві-б было многа, але затое, кончылі-б з імі, у раз.