Старонка:Вінаваты (1930).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і злосны ад здарэньня на вуліцы, аб якім прыпамінаў боль на галаве, Мікіта хутка заснуў.

А ў сьне бачыў зноў соцыялістых і губарнатара. Ноччу позна прачнуўся ўстрывожаны. Нехта хадзіў па пакоі. Чутны былі поступы босых ног, потым пачуўся гарачы шэпт, нібы чалавек аб нечым кагось упрашваў. Мікіта стаіў дыханьне і глянуў на пакой. У пакоі густая цемра. Чуць-чуць можна зьмеціць крыху сьвятлейшыя плямы вокан. І насупроць акна недалёка ад ложку згінаецца і разгінаецца над памостам вялізная постаць чалавека, які стаіць на каленках. Постаць нізка, да самага памосту згінаецца ў бок да кута, дзе над сталом вобраз Ільлі прарока, уздымаецца зноў, шырока ўзмахвае ў паветры рукой — хрысьціцца, зноў згінаецца і ціха, горача, неразборліва шэпча словы малітвы.

Мікіта пазірае на чалавека на памосьце, ведае, што гэта Зубковіч і аднак ня можа паварухнуцца, ляжыць як прыкаваны страхам да ложку. Па целе бегаюць казытлівыя мурашкі.

Зубковіч тым часам узьняўся з кален, на цыпачках падышоў да ложка і ціхенька лёг. Ложак рыпнуў. Ён ад гэтага стаіўся і слухае, ці не прасьнецца Мікіта. Мікіта маўчыць і таксама стаіўшыся слухае. Але яму страшна ад начных паводзін Зубковіча, ён ня можа заснуць і праз колькі хвілін пытае.

— Ты чаго гэта, брат, а?..

Зубковіч яшчэ больш стаіўся, памаўчаў хвіліну, але яму таксама цяжка маўчаць і ён шэпча.