Старонка:Вінаваты (1930).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вальняе. Трэба нешта яшчэ іншае. Бомбы, але нешта іншае, каб не маглі забіць яго: Мікіта думае яшчэ. Ага, вось так... Ён падслухаў, як соцыялістыя ўмаўляюцца забіць генэрал-губарнатара. (Аб такіх забойствах Мікіта калісьці чытаў у аднэй з кніжок, гэта было яшчэ ў вёсцы...) Мікіта сочыць за імі. У нядзелю, калі губарнатар паехаў слухаць імшу, соцыялістыя таксама зьявіліся да царквы і чакаюць. Мікіта бачыць, як яны шэпчуцца паміж сабой, ён ня спускае з іх вачэй. Каля царквы многа людзей. Выходзіць губарнатар, і соцыялісты мерыцца, каб кінуць у губарнатара бомбу, але Мікіта бачыць гэта і сваячасова хапае соцыялістага за рукі і крычыць...

Мікіта настолькі выразна ўяўляе ўсё гэта сабе, што яму натоўп на тротуары пачынае здавацца натоўпам ля царквы і ён мерыцца крычаць. Потым, апамятаўшыся, зноў працягвае разважаньні сам з сабою... На крык азіраюцца людзі, пазірае, спыніўшыся, губарнатар, а ён трымае соцыялістага за рукі і растлумачвае ў чым справа. Соцыялістага бяруць і хутка з рук і з кішэнь яго вынімаюць бомбы. Па паказаньні Мікіты затрымліваюць і яшчэ двух. Тады генэрал-губарнатар падыходзіць да Мікіты, абыймае яго, цалуе тры разы, дзякуе за ратунак жыцьця і вешае на грудзі Мікіце нейкі ордэн і... і тут-жа апавяшчае аб павышэньні Мікіты ў чыне. Наўкола людзі. Яны пазіраюць на губарнатара і Мікіту і таксама дзякуюць Мікіту, хваляць... Мікіта, азіраючыся на людзей, становіцца ў фронт перад губарнатарам і бярэ пад казырок...