Старонка:Вінаваты (1930).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як толькі падыходзіў да знаёмай брамы, з-за яе ўлавіў толькі некалькі слоў:

— ...Не наскочаць. Я не дала ніводнае прычапкі...

Гаварыў жаночы голас. І за гэтым пад самым носам у Мікіты з брамы выйшаў малады мужчына, зьдзіўлена зірнуў на Мікіту і шпаркім крокам пайшоў у процілеглы Мікіту бок. Мікіта пайшоў у ранейшым напрамку. Але ён здагадваўся, што жанчына, якая гутарыла з гэтым мужчынам, была той незнаёмай, за якой ён сочыць, што яна гаварыла аб паліцыі. Ён пачынаў разумець, што цяпер ён знайшоў адзін з кончыкаў нейкае патаемнае справы, што з гэтым у яго руках цяпер знаходзіцца і лёс гэтых людзей і калі толькі ня выпусьціць з рук канцы, дык можна, пэўна, выкрыць усю справу, мо’ якую страшэнную замову супроць дзяржавы...

Мікіту ахапіла радаснае хваляваньне. Ён можа выкрыць замову, можа папярэдзіць вельмі вялікае злачынства і тады... узнагарода грашыма, а калі вельмі важнае што, дык і павышэньне чынам. Гэтыя думкі цалкам аўладалі Мікітай. Пэрспэктыва вабіла, радасна хвалявала. І адразу згінулі ўсякія сумненьні, а на месца жаласьці да незнаёмай, якая часам зьяўлялася, прышло ўпартае жаданьне выкрыць яе дзейнасьць ва што-б то ні стала, бо зараз з яе імем і дзейнасьцю была зьвязана яго будучыня; упусьціць з сваіх рук незнаёмую цяпер, — значыла ўпусьціць самому з рук грашовую ўзнагароду, можа і чын, а ў гэтым цяпер Мікіта бачыў усю будучыню. У канцы завулку Мікіта зьвярнуў у вуліцу і пайшоў у напрамку да дому.