Старонка:Вінаваты (1930).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

справа, ні цяжкая і ня важна, чым яна скончыцца, а я не магу такой опэрацыі весьці... Сачыць трэба. Ты, брат, толькі глядзі, каб ня выкрылі цябе, не пападайся на вочы ім. На паперы пісарскія плюнь. Ад іх карысьці — што з казла малака... Трэба, калі ўжо прадаў душу, дуць далей. Часам тады і на буйнага з іхных пападзеш. У іх, брат, бываюць вельмі важныя. Бывае год ловяць у сталіцы і нічога, выкручваецца, а тут прыедзе і з першых-жа дзён улопаецца. Так... Здараецца...

Зубковіч адышоў да акна і спыніўся там. Пазіраў на вуліцу, на асьветленыя вокны дому насупроць.

А сёмай гадзіне ўвечары Мікіта прайшоўся першы раз у завулку з выглядам самага звычайнага чалавека, якому ні да чаго на сьвеце ў гэты час справы ня было. Ён заклаў за сьпіной рукі, трымаў у руках упоперак сьпіны свой кіёк і, паціху ступаючы на шырокія каменныя пліты тротуару, ішоў у другі канец завулку, цёмны, далей ад вуліцы. Павольна перастаўляў ногі, абутыя ў да бліскучасьці наваксаваныя боты, сумысьля наступаў на ўпаўшыя з бярэзін на тротуар лісты і ня спускаў вачэй з добра знаёмай ужо брамы. Калі ён міне гэную браму, тады будзе пільна слухаць ззаду за сабой і час ад часу азірацца назад.

Ужо многа дзён, як ён сочыць за Ідай.

Пра тое, што Іда Чарняк прыехала ў В., ведалі толькі сем чалавек: яе родныя і трое сяброў, ды