Старонка:Вінаваты (1930).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

б’ючыся аб шыбу аконную, тоўстая муха. Мікіта не варушыўся. Расплюскаў вочы і падоўгу пазіраў у столь. Змрокі гусьцелі ў пакоі, яны наліваліся ў пакой з вуліцы праз вокны, праз усе шчыліны, поўнілі яго, рабіліся цяжэй і з-пад столі апускаліся на ложак, на Мікіту і сплюскалі яму вочы. А скрозь змрокі ён бачыў свайго сына і незнаёмку. Зусім драмаў, калі ў пакой увайшоў стомлены Зубковіч і вылаяўся. Мікіта расплюшчыў вочы.

— Што я, сабака, каб людзей ганяць? І хоць-бы карысьць якая ад гэтага, а то самі ня ведаюць за кім пасылаюць сачыць. Рэво-лю-цыя-нэраў знайшлі!.. Можа проста да жаніха дзеўка прыехала, а яны — сачы!..

— А што такое здарылася?

Зубковіч не адказаў. А было ўсё так.

Як толькі Мікіта пашоў на кватэру, Зубковіч завярнуў у бліжэйшую піўную. Папрасіў бутэльку піва, выпіў і праз гадзіну з чвэрткай прайшоў завулкам аж у другі канец. Калі павярнуўся ісьці назад, з двара, за якім ён наглядаў, выйшла чацьвёра чалавек. Зубковіч пайшоў усьлед. Праз квартал яны селі ў трамвайны вагон. Зубковіч паехаў за імі на рамізьніку. Потым за імі пайшоў у гарадзкі сад. Яны ішлі разам, аб нечым гаманілі і гульліва сьмяяліся. Сярод іх быў той-жа хлапец, які спаткаў прыехаўшых на вакзале і яшчэ адна новая дзяўчына. Зубковіча брала злосьць. Ён гэтак-жа павольна і гэтак-жа доўга хадзіў па сумежнай дарожцы ў садзе і сачыў за імі. Калі яны зьвярнулі ў новую дарожку, Зубковіч пасьпяшаў за