Старонка:Вінаваты (1930).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

моцна заплакаў. Па шчакох цяклі сьлёзы, ён кулачкамі, замурзанымі ў пясок, цёр вочкі. Пясок, размочаны сьлязьмі, цёк па шчоках мутнымі струменькамі. Дзяўчынка падышла да малога, падняла яго з зямлі і злосна глянула ў бок хлопчыка. А той адвярнуўся, ён ішоў у двор, скрывіў твар, паказаў язык дзяўчынцы. Мікіта ня стрымаўся і зарагатаў. Ён успомніў жонку, трохгадовага сына і чамусьці ўспомніў яе, маладую таемную незнаёмку. У сэрцы шавяльнулася сумненьне.

«А ці добра, што на такую службу пайшоў? У мяне-ж сын...»

Ён адышоў ад вакна і пачаў пісаць жонцы ліст. Хацелася напісаць і ёй і сыну добрыя, ласкавыя словы, многа такіх слоў. Гэта быў яго першы ліст адсюль. Пачаў пісаць. І калі трэ’ было напісаць жонцы, дзе ён служыць, доўга думаў, пачаў нэрвавацца і напісаў:

«...Служу ў канцылярыі пісарам»...

«Няхай так. Усё-ж роўна нельга праўды пісаць». А калі падумаў гэта, пачаў разважаць з самім сабой.

«Нядзіва, што Зубковіч лаецца. Чаму-ж, сапраўды, нават радні, нават жонцы сваёй нельга напісаць пра гэтую службу? Чаму мы так баімся людзей?»

Зьнікла роўнавага, набытая за гэты час на службе. Ён ня скончыў пісаць ліста, адклаў яго ў столік і лёг на ложак. Задрамаў. Пачаў забывацца. Надыходзячы вечар поўніў пакой цёмна-шэрымі змрокамі і цішынёй. 3 вуліцы даносіліся: лёгкі грукат колаў і нейчы говар. Хтосьці крыкнуў на дварэ і змоўк. Бзымкала,