Старонка:Вінаваты (1930).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Птушка гэтая — волытная, брат, відаць. Бач, нават віду не паказвае, што ведае і думае пра нас, а я ўпэўнены, што яна ведае. Яно часта так. Нібы адзін другога ловім. Ведаем, што пазналі друг дружку і хаваемся. Хітрасьць, брат, трэба. Гэная — спрактыкаваная. Другі з іх, як прыедзе, дык яго, ня шукай, а знойдзеш, сам сябе выкажа паводзінамі, а гэная бач як...

Ён не дакончыў. Пярэдняя каламашка спачатку ехала ўсё шпарчэй, і іхны рамізьнік таксама паганяў каня, каб не застацца ззаду. Потым каламашка нечакана сьцішыла язду і Мікіта пачуў уперадзе, зусім блізка, вясёлы рогат.

Іхны рамізьнік, відаць, наўмысьне, то паганяў каня рысьсю, то сьцішаў да зусім павольнага кроку і Зубковіч прымушаны быў сачыць за гэтым і раз за разам хапаць за плячо свайго рамізьніка, каб той то паганяў каня шпарчэй, то сваячасова сьцішаў яго. Зубковіч зразумеў, што з ім дражняцца, злаваў ад гэтага, але пакінуць гэтай гульні не хацеў.

— Дражняцца, чэрці, няўмысьне, — мармытаў ён сам сабе. Ад гэтага зрабілася нядобра і Мікіце. Яго спалохала, што дзяўчына з пярэдняй каламашкі ведае, што яны шпегі.

Тым часам пярэдняя каламашка павярнула ўлева ў завулак і адна з дзяўчын павярнулася галавой назад і памахала ім хустачкай. Зубковіч плюнуў і вылаяўся.

— Як гончыя за ваўкамі, а ваўкі і не палохаюцца.

Ён сказаў рамізьніку ехаць проста вуліцай, але за рогам адразу спыніў яго, заплаціў і адпусьціў.