Старонка:Вінаваты (1930).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго і Зубковіча. Зьявілася жаданьне ўцячы адсюль, схавацца.

Калі недалёка паказаўся падыходзячы цягнік і людзі кінуліся да пляцформ, Зубковіч крануў за рукаў Мікіту і павёў усьлед за натоўпам.

— Яна мусіць будзе праходзіць тут, пэўна спаткае хто-кольвеч яе, а мы паглядзім, ды потым...

Цягнік апошні раз бразгнуў буфэрамі і спыніўся. 3 усіх вагонаў пайшлі: мужчыны ў чорных новых паліто з чамаданамі, портфэлямі, дзеці, сяляне ў лапцях, армяках; майстравыя з інструмантамі, жанчыны па-рознаму апранутыя, з дзяцьмі, клункамі, чамаданчыкамі. Іх сустракалі людзі з пэрону і ўсе мяшаліся ў кучу. Мікіта ўжо думаў, што яны ніяк ня змогуць у такой грамадзе людзей спазнаць ня разу нябачаную жанчыну. У гэты момант Зубковіч ціхенька крануў яго за локаць і шапнуў.

— Вунь! 3 пятага вагону ідзе. І яшчэ адна... Іх сустракае нейкі хлапец... Незнаёмы... Бач... Каб вочы адвесьці...

І Мікіта пазнаў адразу малады прыгожы дзявочы твар, бачаны на картцы. Вось яны прайшлі зусім блізкаля Мікіты. Ён счуў пах духоў, крануўся ісьці ўсьлед. Але Зубковіч прытрымаў.

Калі-ж тыя ўтраіх селі ў каламашку і крануліся ехаць, Зубковіч махнуў свайму рамізьніку і, як селі, прыказаў ехаць усьлед за каламашкай. У яго быў радасны ўзьняты настрой ад першай удачы і ён разгаварыўся.