Старонка:Вінаваты (1930).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта па ваччу ў яго. Прачытаць па ваччу ў чалавека, хто ён такі. Я ўжо, брат, навучыўся гэтаму... Ідзе чалавек па вуліцы, як і другія, ідзе, не сьпяшаецца, ні то што-б ціха і нібы нічога ў яго ад другіх людзей не схавана, а ты ўгадаць павінен, што ў яго. І я магу. Я адрозьню яго ад другіх. Я прачытаю. Адзін такі момант бывае. Ідзе ён і ўспомніць, што на нячыстую справу ідзе, недазволенае думае і, бывае, вокам, як міргне, ці бяз дай прычыны голаў у бок паверне так, зірне, я і ўгадаю, ды за ім як улягу, як улягу, дык глядзіш яно так і ёсьць, знайду тое-сёе. Потым сам думаеш і дзівішся, такое часам выкрыецца. Вось брат!

Мікіта ўважліва слухаў і ніводным словам не пярэчыў. Зубковіч зацікавіў яго. Толькі калі Зубковіч замоўк, дык Мікіта спытаў.

— І многа іх ловяць?

— Бывае! І ловяць і ссылаюць, і вешаюць, а яны ўсё ёсьць... Каб іх ня было, — сфілёзофстваваў той, — і, нас-бы ня было, ні да чаго-б мы тады...

Праз дванаццаць дзён у канцылярыю да Мікіты зайшоў Зубковіч і паклікаў яго з сабою. Апрануты Зубковіч быў чыста, крыху па сьвяточнаму.

На вуліцы яны зайшлі ў харчэўню, і там, калі на стале зьявіліся дзьве бутэлькі з півам, Зубковіч сказаў:

— Зараз на вакзал паедзем, першая навука табе на практыцы.