Старонка:Вінаваты (1930).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ішлі тротуарам. Зубковіч уперадзе крыху, Мікіта зьлева. Зубковіч павесялеў, ён знайшоў для сябе добрага слухача, новага, нявопытнага, які ўсё слухае, нічому не пярэчыць, усяму дзівіцца. І Зубковіч даваў свайму вучню першую лекцыю.

— Яно так: паступіў — знацца служыцьмеш. Я ўжо шосты год служу, на многіх опэрацыях пабыў. Ого! Служба наша, брат ня лёгкая і хітрая вельмі... Былі і справы, уга! Спрыт трэба, перш усяго, і хітрасьць, галава, каб, робячы што, самому не папасьціся... Цяжка. У людзях такое пайшло, што ня любяць нас. Прыходзілася...

Хітрасьць трэба і каб бяз душы быў ты, калі на гэта ідзеш. У нашай службе бяз душы трэба. Ты з салдат, вымуштраваны, нагледзеўся, а як хто сьвежанькі прыходзіць, ды калі жаласьлівы ён, дык потым ночы ня сьпіць... Бяз душы трэба. Калі жаласьлівы ды шкадаваць чалавека будзеш, дык і ня зробіш нічога, а ў нас ні за гэта грошы плоцяць. Жаласьлівае сэрца—дзеўкам трэба, у нас яго не паважаюць. У нас трэба, каб ня верыць чалавеку. Бачыш чалавека, здаецца, што добры ён, а ты ня вер, ня вер...

І са мной гэта здаралася. Ходзіш па вуліцы і многа людзей на ёй. Усе яны ці старыя, ці малыя, добра пазіраюць на цябе, у кожнага з іх ці весялосьць у ваччу, калі добра чалавеку, ці злосьць, калі няўдача якая, і нічога ня ўбачыш ты, ці думае чалавек такое што недазволенае. А трэба бачыць, трэба прачытаць