Старонка:Вінаваты (1930).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

начальнік канцылярыі. Мікіта атрымаў дакуманты, агледзеў пакой канцылярыі і пайшоў у горад.

Раніцою на другі дзень з ім доўга гутарыў начальнік канцылярыі. Растлумачваў нутраны распарадак службы ў аддзяленьні і якімі павінны быць паводзіны Ў горадзе, а потым даў Мікіце сінюю картонную папку з справай Міхаля Шклянкі мешчаніна з гораду Барысава і паказаў, што адтуль выпісаць. Мікіта гэтым пачаў сваю службу ў ахранным аддзяленьні. Ён уважліва перачытваў падкрэсьленыя сінім алоўкам месцы на зжоўклых ужо старонках справы мешчаніна з Барысава і перапісваў іх на белую сьвежую паперу. Гэтым пачыналася новая справа мешчаніна Шклянкі і новае жыцьцё яфрэйтара Мікіты.

Праз гадзіну Мікіту выклікаў да сябе той самы чыноўнік, што прывёў яго ўчора ў канцылярыю і пазнаёміў з голеным маладым прыгожым мужчынам.

— Знаёмцеся. Табе, Зубковіч, даручаецца пазнаёміць яго з працай і прыцягнуць да выкананьня непасрэдных заданьняў.

— Прыспасобіць, знацца, трэба? Добра, добра, пастараемся! Калі пан яфрэйтар паслухмяны будзе, ды старацельны, дык прыспасобім хутка...

Ён зьмераў Мікіту вачыма, скрывіўся і зарагатаў.

— Чаму-ж гэта пан з яфрэйтараў ды ў жандары? Ці ня было надзей у афіцэры выйсьці? У нас, пан яфрэйтар, не лягчэй, чыноў не набярэш...

Гэта не спадабалася Мікіце. Тон новага знаёмага крыўдзіў яго. А той не змаўкаў.