Старонка:Вінаваты (1930).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так точна, ваша блародзьдзе!

— Ну і куды думаеш пасьля службы?

— Ня ведаю яшчэ, ваша блародзьдзе.

— Дадому хочаш, ці паслужыць яшчэ? А?

— Яно няма да чаго і ехаць дадому.

Так, ня думаючы, нечакана для сябе вырашыў Мікіта, што не паедзе дадому.

— Правільна. Сям’я твая пэўна галадуе дома, працаўнікоў там без цябе мусіць хапае і ратоў, каб есьці, таксама пэўна... Я хочу памагчы табе, за добрую службу. Хочу прыстроіць цябе куды.

— Дзякую, ваша блародзьдзе! Ніколі не забудуся...

Ротны пераклаў левую нагу на правую, строс з папяросы попел, адарваў зубамі кавалачак папяросы і выплюнуў яго на памост пад ногі Мікіту. Мікіту зрабілася няёмка. Ён пераступіў нагамі, зірнуў на выплюнуты яму пад ногі кончык папяросы, потым зноў перавёў погляд на ротнага і моўчкі чакаў, што той скажа яшчэ. Ротны зірнуў на акно, потым лоўка пстрыкнуў пальцамі недакурак папяросы ў бок акна і недакурак упаў у гаршчок на вазон. Мікіта перавёў погляд на вазон і ветліва ўсьміхнуўся ўбок ротнага на яго спрыт. Ад непатушанай папяросы павольна ўздымаўся белаваты дымок і абвалакваў лісты і галінкі вазона. Ротны загаварыў далей.

— Служыў ты сумленна, нічога за табой гэтакага ня было... Такія людзі з народу і патрэбны радзіме... Калі ты будзеш згодзен, дык я сьпішуся з адным знаёмым, ён начальнік сакрэтнай канцылярыі паліцыі