Старонка:Вінаваты (1930).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ліст і ліпа за акном, ды вузоры, напісаныя сонцам і ценьню галін ліпавых па памосьце, напомнілі родную хату. Ад напісаных крывымі літарамі слоў пахла сьвежым звараным малодзівам лысай каровы, пахла старым угноеным хлевам. Забыўся пра сваркі, якія былі дома з бацькам і час-ад-часу з жонкай; уяўлялася ціхае, мірнае жыцьцё ў хаце. Чамусьці бачыў усю сям’ю ў хаце каля стала за вячэрай і на комінку сьвятло ад смольнай лучыны.

Калі далей друг ад дружкі людзі, тады лепей адзін пра другога думаюць, забываюцца пра злосьць, больш адзін другога любяць.

Мікіта сядзеў і думаў пра дом. У гэты час да яго прыйшоў веставы ад ротнага.

— Іх благародзьдзе прасілі зараз-жа прыйсьці.

Веставы казырнуў, павярнуўся і пайшоў з хаты.

Мікіта за добрую службу выйшаў у яфрэйтары. Служыў ён ужо даўно, хутка дадому варочацца, але Мікіта яшчэ ня вырашыў для сябе, ці дадому пойдзе, ці застанецца на службе далей, зьверх тэрміну. Цяпер ён уклаў ліст у конвэрт, апрануў шынэль, падперазаў папругу, падправіў складкі шынэлі ззаду, адцягнуў яе тужэй на грудзёх і, паправіўшы шапку на галаве так, каб яна крыху болей была на правым баку, пайшоў за веставым. У пакой да ротнага ён зайшоў пастукаўшы ў дзьверы. Каля дзьвярэй узяў пад казырок і спыніўся сярод пакою.

— Прапанавалі зьявіцца, ваша блародзьдзе?

— Так... Хачу я пагутарыць з табою... Ты хутка адслужыш?