Старонка:Вінаваты (1930).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За акном паціху шамацела апошнімі лісьцямі старая ліпа. Яна вырасла зусім блізка каля вакна і засланіла яго густым гольлем.

Мікіта піша дахаты ліст. Ён раз-по-разу мочыць кончык алоўка аб кончык языка і выводзіць на паперы роўнымі літарамі радкі слоў. Словы радкамі адно за другім, з кожным новым радком паўзуць угару наўскасяк па паперы. Мікіта стаміўся, ён на хвіліну спыняе пісаньне, думае, што пісаць далей, перачытвае напісанае і потым піша зноў:

— «Ты пішаш, дарагая жонка, што ацялілася лысая карова. Дык я думаю так, каб не прадавалі вы цяляці, а каб гадавалі яго для сябе, бо лысая-ж добрая карова, шмат малака дае, а цяля, як ты пішаш, у яе пайшло. Няхай лепш гадуецца...»

Зноў спыніў пісаньне, адклаў у бок аловак і пачаў перачытваць яшчэ раз ліст жонкі. У лісьце, у першых яго радкох, пісала жонка пра тое, што дома ўсе, слава богу, жывы і здаровы, чаго і яму жадаюць. Далей жонка перадавала ўклоны ад бацькі, сясьцёр, усёй радні і знаёмых. За ўклонамі паведамляла, што ў тую нядзелю, як ехаў бацька з гораду, кабыла на цьвік капыт прабіла і кульгае і няма як на ёй езьдзіць з-за гэтага. А за тым было напісана, што ў сераду ацялілася лысая карова. Выйшла замуж за Тарэнту Агапа Прузыніна.