Старонка:Вінаваты (1930).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пад калашыну штаноў халодная вада. Ад гэтага адразу зьмяніўся настрой. Усплыў у памяці і няпрыемны ліст.

«Бяда дый толькі ад такіх сяброў. Чорт яго ведае, прывязаўся дый... Яно трохі й шкода, але-ж партыйны абавязак...»

Пасьля гэтага разважаньня з самім сабой у Смачнага зноў зьявілася самаздаволеньне, што ён, комуністы Смачны, змог званьне партыйца, рэволюцыянэра паставіць вышэй пачуцьцяў сяброўскіх, хай самых моцных.

Чакаючы абеду, Смачны выняў з кішэні ліст і паказаў жонцы.

— Вось, зноў! Чаго ён ад мяне хоча, я не разумею. Я-ж сябра партыі, я-ж не магу.

Жонка сядзела насупроць, падперла шчаку рукою, узьнялася над крэслам.

— А можа-б ты... Шкода яго вельмі, малады яшчэ...

— Ты не разумееш. Я не магу. Я не магу пайсьці супроць свайго партыйнага сумленьня... У мяне перш за ўсё пачуцьці грамадзкія, партыйныя, а потым усе другія.

— Не, дык я-ж не папракаю цябе, не...

Смачны выцер хустачкай перад ядою рот і змоўк. Ён лічыў, што пераканаў жонку ў правільнасьці сваіх разваг і адчуваў сябе ад гэтага зусім апраўданым за тое, што ня ўступаецца за сябра. Ліст сябра ён парваў і кінуў кавалачкі ў пячурку.