Старонка:Вінаваты (1930).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Бывай здаровенек! Вось дзякую табе, Дзяніска! Добра, што людзі параілі...

Селянін паціху, бокам, трымаючыся сьпіною да сьцяны, адышоў да дзьвярэй і, ціхенька, шчыльна прычыніўшы іх за сабою, нячутна зьнік. Смачны прайшоўся па габінэце ў кут ля дзьвярэй, дзе стаіць плявальніца, намерыўся і плюнуў у самую сярэдзіну яе, потым выцер хустачкай губы і зноў сеў за стол.

Было жаданьне думаць, аддацца разважаньням:

«Дзіўна! Не разумею!.. Як можна дайсьці да такой ступені самадурства, каб штрафаваць селяніна за тое толькі, што ён паклаў на буфэт свае рукаўкі? Ох, гэты наш транспорт!.. Гэты факт вымушае многа думаць. Пра гэта варта-б крычаць, каб счула ўся грамадзкасьць! Гэта яскравая, узорная, калі можна так сказаць, праява бюрократызму на нашым чыгуначным транспорце!..

І потым, калі ў габінэт зайшоў беспартыйны справавод, худы, сагнуты мужчына, Смачны з абурэньнем падрабязна перадаў яму гісторыю з рукаўкамі селяніна. Сваё апавяданьне ён скончыў нарочна падкрэсьленымі, выказанымі з некаторай гіронічнасьцю, словамі.

— Гэта можа быць толькі ў нас! Толькі ў нас, у Расіі...

Такі сьмешны і абураючы, ганебны факт!..

Справавод пазіраў на яго, схіляў голаў у знак згоды, усьміхаўся. Потым паклаў перад Смачным пак папер і вышаў.