Старонка:Вінаваты (1930).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А дзесятай гадзіне раніцы на другі дзень Алесь стаяў непадалёк ад дзьвярэй пакою, у якім знаходзіўся старшыня апэляцыйнай камісіі і чакаў часу прыйма. Ён ужо некалькі раз перачытаў наклееную на дзьверы пакою абвестку, што прыймо па справах апэляцый адбываецца з дванаццаці і да другой гадзіны. У пакоі, дзе быў Алесь, сядзела на зэдліках яшчэ трое чалавек. Яны пра нешта паціху гутарылі паміж сабою.

На сьцяне гадзіньнік адзваніў дванаццаць раз. Алесь хаця і бачыў, што абедзьве стрэлкі гадзіньніка сыйшліся на лічбіне дванаццаць, але за кожным разам, як вызваніваў гадзіньнік, паціху лічыў:

«Адзін, два, тры... восем...

Студэнты, якія сядзелі на зэдліках, усё гэтак-жа гутарылі паміж сабою. Алесь парашыў, што яны тут па нейкай другой справе і, пачакаўшы яшчэ дзьве хвіліны, зайшоў у пакой старшыні камісіі.

Старшыня апэляцыйнай камісіі Парамон Засланка сядзеў нахіліўшыся нізка над шырокім сталом і, уперыўшы погляд вузенькіх воч у твар Алеся, слухаў. Калі Алесь скончыў гаварыць, ён доўга маўчаў, усё гэтак-жа пазіраючы ў твар Алесю, потым узьняўся з крэсла, засунуў левую руку ў кішэню штаноў, у правую ўзяў тоўсты, з сінім і чырвоным канцамі аловак і пачаў, размахваючы алоўкам па-над сталом, гаварыць.

— Я нічога абяцаць вам не магу. Справу вашу разгледзець зараз ня можам. Я ўжо паведамляў вам, што ваша справа знаходзіца ў стадыі вырашэньня...

— А калі-ж можна чакаць вырашэньня?