Старонка:Вінаваты (1930).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пэўна на бліжэйшым паседжаньні, калі да таго часу будуць высьветлены ўсе акалічнасьці... Можаце пачакаць, калі хочаце...

— Але ў мяне-ж са сродкамі цяжка, мне таварышы сабралі, я доўга чакаць не магу...

— Тады едзьце назад...

— Дык я-ж вам казаў, што там мяне выгналі з інтэрнату, пазбавілі стыпэндыі...

— Гэта справа вашага дырэктара, а я ні пры чым тут. Калі хочаце, пачакайце, я пастаўлю вашу справу на бліжэйшае паседжаньне... Але мяне ўсё-ж вельмі, ведаеце, зьдзіўляе, як гэта вы нічога ня ведалі пра свайго бацьку? Вы разумееце, што гэтае ваша апраўданьне зусім ня грунтоўнае. Яно ніяк ня мірыцца з лёгічнымі разважаньнямі... Вы ўпарта сьцьвярджаеце, што нічога ня ведалі. А як-жа гэта вы маглі ня ведаць пра свайго бацьку? А?

Алесь маўчаў. Да горла ўсё бліжэй падступала камячком крыўда. Вось-вось яна сьцісьне за горла і тады Алесь ня зможа выгаварыць ніводнага слова.

— Ну, а нават, — працягвае Засланка, — калі й правільна, што вы ня ведалі пра бацьку, дык усё-ж такі ён у паліцыі, у ахранцы служыў?..

— Служыў, але-ж...

— Ну што але-ж?.. Гэтае але-ж нічога яшчэ ня значыць. Вы, я на хвіліначку дапушчаю, маглі і ня ведаць, але-ж бацька служыў у ахранцы. Вы па паходжаньні соцыяльна чужы савецкай школе, знача...

— Але прычым-жа я? Няўжо я павінен адказваць за мінулае бацькі... Я быў партыйцам, працаваў...