Старонка:Вінаваты (1930).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дапушчаю і, ведаючы Шаўца, галасую супроць выключэньня яго з партыі. За выключэньне толькі голы формалізм...

Гаварылі яшчэ многія за Алеся і супроць. Выступленьні часта перабіваліся рэплікамі, пытаньнямі, шумам адабрэньня, згоды ці нязгоды. Пасьля выступленьня сябра бюро ячэйкі ў абарону Алеся, сход адчуў некаторае палягчэньне. Многія для сябе лягчэй парашылі пасьля гэтага як галасаваць.

Позна ноччу ўжо сакратар прачытаў прапанову бюро ячэйкі, каб выключыць Шаўца Алеся з сяброў партыі і тэхнікуму за захаваньне свайго соцыяльнага паходжаньня.

Алесь баіцца ўзьняць голаў, каб зірнуць, як галасуюць, ён баіцца, што большасьць будзе супроць яго. Па шолаху кашуль і па шуму ў салі ён дагадваецца, што за пастанову бюро дружна ўзьняла рукі цэлая група партыйцаў. Недалёка ад сябе ён счуў пытаньне:

— Як ты?

— Я супроць выключэньня, — адказаў другі голас.

— А чаму? А калі праўда, што ён стаіў?..

І гаманіўшы ўзьняў руку ўгару.

За пастанову бюро ячэйкі налічылі адзінаццаць чалавек. Калі пачалі лічыць хто супроць, дык таксама налічылі адзінаццаць. Саля крыху змоўкла, а потым дружна зашумела.

— Лічы нанава! Нанава!..

Сакратар ячэйкі разьвёў рукамі.

— Аднаго-ж голасу яшчэ не хапае, мо хто выйшаў ці не галасаваў?