Старонка:Вінаваты (1930).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— ... А ў апошні раз, калі я паказаў Шаўцу ліст ад яго найлепшага сябра, партыйца, які за яго не паручаецца, дык Шавец нічога лепшага ня прыдумаў ужо, як бразнуць дзьвярыма і ўцячы... Нам Шавец заявіў, што ён нічога ня ведаў пра службу свайго бацькі ў ахранцы. Лепш было-б, каб Шавец на гэтае пытаньне даў шчыры адказ. Ён яго ня даў. Бо як можна верыць таму, што ён ня ведаў? Як гэта ён ня ведаў пра свайго бацьку, з якім столькі год пражыў?.. Няхай кожны з вас, таварышы, па сабе гэта праверыць... Для нас зусім ясна, што ня ведаць гэтага Шавец ня мог. Ён захаваў мінулае свайго бацькі ад усіх нас і да гэтага заўжды на сходах горача расьпінаўся за клясавую нянавісьць да ворагаў, за чыстату ідэолёгіі ў тэхнікуме. І тут падыходзіць прыказка: калі злодзей хоча ўцячы, дык ён больш за ўсіх крычыць: лаві злодзея!..

Сакратар яшчэ прачытаў пастанову бюро ячэйкі і змоўк. Сход шумна загаманіў і доўга ня сьціхаў. Старшыня пачакаў трохі, потым пачаў званіць. Запытаў, хто хоча слова.

Саля не адзывалася і шумела. Хтосьці крыкнуў, каб слова далі самому Шаўцу. Саля падтрымала.

Алесь выйшаў і стаў на сцэне. Ён проста пазірае ў салю на сяброў, хоча разгадаць іх думкі, іхны настрой і хвалюецца. Саля маўчыць і чакае. Тады Алесь коратка праказаў:

— Мне вельмі цяжка апраўдывацца, вельмі цяжка, бо вам цяжка паверыць у тое, што я нічога ня ведаў пра мінулае свайго бацькі. Але я як партыец заяўляю