Старонка:Вінаваты (1930).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь маўчыць. Ён пазірае на сакратара і не разумее пытаньня. Ён напружвае памяць і хоча ўспомніць, ці не казала калі-кольвеч маці пра службу бацькі ў паліцыі. Ня чуў такіх слоў.

— Ня служыў. Я ні разу ня чуў пра гэта. Хіба весткі якія ёсьць пра гэта? Ты скажы толкам.

— А можа ты такі ведаеш што ні што, а?

Алесь ускочыў з зэдліка.

— Ты што гэта, зьдзеквацца з мяне парашыў? Ня верыш? Я нават ад мацеры такога ня чуў пра бацьку.

— Ага! Ну, добра. У ячэйку паступіла такая заява. Мы дасылаем на месца запыт.

— Я патрабую праверыць гэта. Гэта нейкае дзіва. Я нічога не разумею... Агітаваў за ачыстку ад чужых, а сам чаго добрага ў чужыя пападзеш.

Алесь паспрабаваў усьміхнуцца.

— Бывае...

Сакратар гіранічна зморшчыўся, у маршчынах хаваў гіранічную ўсьмешку. Гэта пакрыўдзіла Алеся.

— Я патрабую безадкладнай праверкі заявы. Яшчэ раз заяўляю, што нічога такога нават ад мацеры ня чуў.

Алесь выйшаў, злосна ляпнуўшы дзьвярыма.

3 гэтага часу пацягнуліся цяжкія для Алеся дні чаканьня. Сябры яшчэ нічога ня ведалі, але ўсе пачалі заўважаць у ім зьмены. Ён менш жартаваў, усё больш стараўся наўмысьля быць у адзіноцтве. Часта яго мозг сьвідравала думка.

«Не павераць, пэўна не павераць. І правільна, цяжка паверыць, як-жа гэта я сам нічога ня ведаю...»