Старонка:Вінаваты (1930).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз восем дзён яго зноў паклікаў да сябе сакратар, Перад ім на стале ляжаў сьвежа прысланы ліст.

— Я хочу ўсё-такі, яшчэ раз з табою пагутарыць па старому пытаньню, — зьвярнуўся ён да Алеся. — Ты проста скажы, ці служыў твой бацька ў ахранцы?

— Ужо нават у ахранцы? Слухай! Ты скажы, што ты задумаў? Я табе адказваў ужо на гэтае пытаньне.

— А калі я пакажу дакумантальныя дадзеныя? Што тады?

— Ты жартуеш? Кінь!..

— На, чытай!

Алесь чытаў:

«На ваш № 53 Г—скі Райвыканком паведамляе, што па маючыхся вестках з ДПУ Мікіта Шавец, бацька Алеся Шаўца ў дарэволюцыйныя часы служыў агентам ахранкі, а у гады вайны ў контрразьведцы № дзейнічаючай арміі. Пры сваім жыцьці пасьля рэволюцыі ён ў адносінах да савецкае ўлады вёў сябе лёяльна».

Ішлі подпісы старшыні РВК і сакратара фракцыі. Сакратар узяў паперку з рук Алеся, згарнуў яе і паклаў у конвэрт.

— Ну, як? Ты скажы, ня ведаў пра гэта?

Алесь не адказаў. Ён толькі зірнуў на сакратара ўважліва і адыйшоў да дзьвярэй.

— Я нічога ня ведаў... Я нічога не разумею...

— Не кажы глупства, а лепш адкажы на пытаньне.

— Я ня ведаў...