Старонка:Вінаваты (1930).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зуменьні... Я вось зараз думаю, чаго ён так актыўна выступаў за выключэньне Міронава, супроць прыёму ў комсамол Кісьляка? Ці не таму, каб самому схавацца, адвесьці ад сябе падазронасьць?..

— Кінь. Гэта глупства. Я гэныя яго выступленьні ня так разумею. Ён шчыра выступаў.

— Але ўсё-ж я думаю запыт паслаць...

У пакой увайшоў Алесь.

— Вязе нам, хлопцы, — крыкнуў ён з парогу, — далібог вязе. Зірніце толькі! Я нядарма гаварыў на сходзе аб клясавай пільнасьці, зірніце!..

Алесь падаў сакратару ліст — кавалачак паперы ў клетку, сьпісаны крывым, неразборчывым почаркам.

— І я на ўсе сто адсоткаў, — казаў далей Алесь, — веру гэтаму лісту, нутром веру.

Ён пачаў чытаць ліст. Там было напісана наступнае:

«Я хоць і ведаю, што Ключынскі будзе можа мяне й прасьледваць, але паведамляю, што Стэфан Корч, які вучыцца, ня ёсьць Корч, а Ключынскі. А было гэта так, што ён падманіў свайго парабка і на яго дакуманты паехаў вучыцца. Каб вы не сумняваліся, я пішу свой адрас і прозьвішча і імя. Аб тым, ці мая праўда, запытайце ў нас каго хочаце».

Далей ішоў подпіс і адрас.

Сябра бюро ня стрымаўся і зарагатаў. Алесь зірнуў на яго і не зразумеў.

— Ты рагочаш, зьдзіўлены? І я, брат, зьдзіўлены, як гэта я тры гады з ім пражыў і нічога ня ведаў?