Старонка:Вінаваты (1930).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гутарыць з жонкай пра апошнія навіны, пра дзейныя здарэньні ў горадзе і ў сваёй установе. Раніцою акурат а восьмай ён устае, п’е гарбату з самаробным (выраб жонкі) пячэньнем і ідзе ў установу, дзе служыць. У пяць хвілін дзесятай ён ужо ў сваім габінэце.

Чынам Смачны ні то, што-б надта вялікі, але ўсё-ж; служыць у цэнтральнай установе і ўсё-ж мае свой уласны габінэт. А ў габінэце стол з лесбелаўскага магазыну, за сто сорак рублёў, чатыры венскіх крэслы адтуль-жа, два простых, вешалка ў куце, управа ад дзьвярэй, і яго крэсла шырокае, зробленае так, што можна на ручкі з боку локці пакласьці, калі адпачываеш.

У габінэце Смачны пераглядае нейкія паперы і паперачкі, час-ад-часу прымае наведвальнікаў, а ў хвіліны паміж паперкамі і людзьмі што-кольвек думае. Ці-ж мала ёсьць у чалавечай галаве думак?

17 сакавіка 192... году Смачны быў здароў і таму, як і заўжды, калі быў здароў, прышоў ва ўстанову. У калідоры, непадалёк ад дзьвярэй яго габінэту, стаяў стары, год шэсьцьдзесят, селянін. Ён пакланіўся Смачнаму і адышоў да сьцяны.

Калі Смачны распрануўся і, адхаркаўшыся над плявальніцай, сеў за стол, селянін азірнуўся наўкола па калідору, падышоў бліжэй да дзьвярэй, падгладзіў рукой яшчэ раз бараду, пастаяў хвілю, пераступаючы з нагі на нагу, каля дзьвярэй, потым рашуча зьняў з галавы шапку, узяўся за клямку і асьцярожна, каб ня ляпнуць дзьвярыма, адчыніў іх і зайшоў у габінэт