Старонка:Вінаваты (1930).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кісьляк зайшоў на сцэну і пачаў адказваць на пытаньні.

Ён хваляваўся, пахвілінна ўздымаў да ілба руку і прыгладжваў чарнявыя косы.

— ... А зараз, — казаў ён, — я падрабязна лепш пра ўсё раскажу, як было. Мае бацькі гандляры. Гандляваў бацька і ў старыя часы, і гандлюе цяпер, цэлую краму мае. Я скончыў сямігодку. У школе я быў піонэрам. Выконваў, наколькі мог, актыўную піонэрпрацу і грамадзкую працу ў сябе ў раёне... Тады я яшчэ жыў з бацькамі. Я быў яшчэ малым, зусім несьвядомым. Пасьля пачаў многа думаць пра тое, як быць? Я доўга правяраў сябе. Я мог-бы быць такім-жа гандляром, як бацька, але я прыйшоў да адзінага вываду, што мне з бацькам не па шляху, што маё месца не ў яго краме, што ў мяне з бацькамі розныя пуціны. Парваў я з бацькамі два з паловаю гады таму і пасьля гэтага, праз некаторы час мяне РайАНА накіравала ў тэхнікум. Сам я жадаў пайсьці куды на працу, але гэта было немагчыма... Мяне добра ведае таварыш Піпікаў, партыец, няхай ён скажа, як я адносіўся да бацькоў...

Кісьляк адышоў крыху ў бок і стаў. Саля зноў хвіліну маўчала, нібы ня ведаючы, як рэагаваць на словы Кісьляка, а за гэтым яшчэ прарваліся большыя ўжо чым у першы раз, воплескі. Алесь сядзеў да гэтага ззаду. Пасьля воплескаў ён перасеў наперад. Нехта крыкнуў з салі.

— Ціха, вы, пляскуны! Усё каб пляскаць у далошкі. Мазалі хутка будуць...