Старонка:Вінаваты (1930).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На сцэну выйшаў Піпікаў. Ён зусім ня мерыўся гаварыць па справе Кісьляка, але паколькі той назваў яго, дык трэба выступіць. Да слова ён ня быў зусім падрыхтаваны.

— Я ведаю таварыша Кісьляка, зразумела. Ён парваў з бацькамі яшчэ раней. Гэта ўчынак, які сьведчыць лепш усяго аб таварышу. Другая справа, калі-б ён парваў, скажам, з бацькамі ў дваццатым годзе, калі яшчэ ня было нэпу, дык гэта ён тады мог-бы рабіць каб прымазацца, а зараз ён меў поўную магчымасьць жыць панам, як бацькі, але ён парваў з бацькамі, адрокся ад іх. Я ведаю, ён актыўна працаваў. Ён, бязумоўна, гадзіцца ў комсамол...

Нехта зарагатаў у салі. Нехта кінуў рэпліку.

— Ну й пераканаў-жа!..

Нехта крыкнуў прапанову зацьвердзіць Кісьляка ў комсамол.

Пасьля гэтага выступіў адзін з членаў бюро ячэйкі.

— Я прашу слова... Я лічу, што мы ня зусім сур’ёзна падыходзім да гэтага пытаньня. Я ня маю ніякіх мотываў, вярней доказаў, але лічыў і лічу, што ў комсамол Кісьляку яшчэ рана. Парваць з бацькамі гандлярамі не такое ўжо й геройства, як думаюць таварышы...

Яго перабілі крыкі.

— Калі няма мотываў, дык чаго вылазіш?

— А ты хіба пробаваў, што гэта за геройства?

Комсамолец ня спыняўся.

— ... Няхай папрацуе яшчэ, у комсамол пасьпее. Няхай пакажа сябе.