Старонка:Вінаваты (1930).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У вайну ён быў мобілізаваны і, як адукаваны, хутка ў войску заслужыў чын прапаршчыка. Пасьля вайны зьвярнуўся ў сяло і хутка зноў пачаў гандаль, адчыніўшы галянтарэйную краму. Гэтак ён жыве ўжо чацьверты год.

Сёньня Сяргей Антонавіч запрасіў да сябе ў госьці настаўніка мясцовай сямігодкі, свайго блізкага сябра каб параіцца, што рабіць з сынам.

— Вы-ж ведаеце, што нашаму брату, — казаў ён, — няма цяпер ходу. Скончыў вось сямігодку, а цяпер нічога ня прыдумаю. Летась падаваў ён заяву ў пэдтэхнікум, дык ня прынялі, сын гандляра... Дайце якую раду...

Настаўнік студзіў на блюдца, трымаючы яго на кончыках пальцаў, сёрбаў з блюдца гарбату і слухаў. Калі Сяргей Антонавіч скончыў гаварыць, настаўнік паставіў блюдца на стол, абцёр далоньню губы і, схіліўшыся да Сяргея Антонавіча, паціху загаварыў.

— Я даў-бы раду, але ня ведаю як вы на гэта глядзець будзеце...

— Буду толькі дзякаваць...

— Я вось аб чым хачу... Галоўнае, каб ваш сын вучыўся, каб у далейшым мог мець свой кавалак хлеба. Так?

— Ну, так, ну?..

— Значыць ня важна ці будзе ён лічыцца вашым сынам, нават лепш, калі ня будзе лічыцца.

— Як гэта?..

— А так: гандляру няма ходу, дык трэба зрабіць каб ён ня быў сынам гандляра...