Старонка:Вінаваты (1930).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз два месяцы Сяргею Антонавічу стала сумна, папоўства яго не задавальняла. Ахоплены сумам ён пасябраваў з сынам мясцовага настаўніка, які скончыў неяк нядаўна гімназію і з тэй прычыны, што ні да чаго ў жыцьці ня быў прыстасаваны, сядзеў у бацькі, гуляў у карты і п’янстваваў.

Акурат на прачыстую, пасьля імшы, Сяргей Антонавіч і гэны самы сын настаўніка, здаецца таксама Антонавіч, ды яшчэ сын старое ўдавы матушкі напіліся і п’янымі пайшлі на палянку, дзе заўжды гуляла моладзь. Хлапцы і дзяўчаты сьпявалі песьні, скакалі. І вось тады здарылася цікавае самае. Сяргей Антонавіч палез да дзяўчат цалавацца. Дзяўчаты саромеючыся бацюшкі сьпярша з усьмешкамі вырываліся з яго рук, а калі ўбачылі, што бацюшка п’яны і азьвярэў, пачалі ўцякаць. Бацюшка і яго сябры пачалі ганяцца за дзяўчатамі па палянцы. Гулянка спынілася.

Пазьней, у дні вялікага посту Сяргей Антонавіч прымаў людзей да споведзі. У царкве заставалася ўсяго чатыры чалавекі. Яны падыходзілі, гаварылі бацюшку свае грахі, каяліся і пасьля таго, як бацюшка тры разы накрыж узмахваў у іх над сьпінамі, адыходзілі на двор.

Апошняй падышла маладая дзяўчына. У яе было нейкае гора, якое яна хацела, як відаць, выказаць бацюшку.

Сяргей Антонавіч накрыў яе эпітрахільлю і прашаптаў сьпяшаючы словы малітвы. На абітым медзьдзю ражку эвангельля ляжалі два пальцы рукі дзяўчыны і дрыжэлі. Дрыжэла ўсё яе цела. Бацюшка