Старонка:Вінаваты (1930).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раз і ўжо не разабраць, з чаго сьвіта раней была пашыта, што потым дададзена да яе, як лапекі. А лапекі на плячох локцях адна на адну пакладзены з рознакаляровых кавалкаў суконак. Штаны на нагах таксама лапленыя. Лапекі прышыты белымі зрэбнымі ніткамі. На правым калене праз дзірку ў лапецы відаць белыя порткі. На нагах заныленыя, стаптаныя ўжо лапці. На левай назе лапаць ззаду лёг на сашу стаптанымі акраўкамі.

Алесь пазірае бацьку на грудзі. З-пад сьвіты відаць пачосная пасіненая сарочка і з-пад яе цераз прарэху відаць худыя жоўтыя грудзі. На ваччу ў бацькі гной накарэў у куточках і вочы заплылі сьлязьлівай муцьцю.

Бацька рад Алесю, аглядае яго і гаворыць:

— Ты схудаў зусім, мо’ не здароў? Мусіць пагана харчуешся? Нам грошай ня шлі, ня трэба. Мы як-небудзь управімся. А ты сябе глядзі, а то маладому яно дрэнна, потым на ўвесь век пашкодзіць, калі недаядацьмеш...

Пастаялі яшчэ крыху. Бацька цмокнуў губамі, махнуў пугай над сьпінай кабылы і яна пайшла. Алесь яшчэ крыху пастаяў на сашы, азірнуўся яшчэ раз усьлед бацьку і ціхімі крокамі пайшоў. Саша ўсё гэтакжа слалася перад ім белаватай стужкай.

Вечарам Алесь доўга гутарыў з комсамольцамі. Пазьней яшчэ пісаў да студэнта блізкага свайго сябра поўны пэсымізму ліст.

«... Ты не зразумей майго ліста няправільна. Я сам ведаю, што ў ім занадта многа пэсымізму, гэта вынік уражаньня ад жыцьця бацькі. Я хочу