Старонка:Вінаваты (1930).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тры столкі. Дуга трэснула і зьвязана дротам. На лейцах адны вузлы. Алесь пазірае на кабылу, на вупраж, ня можа пазіраць на бацьку, шкода яго. Сівая худая кабыла спусьціла голаў у зямлю, у кабылы гнояцца вочы. Пад левым вокам у кабылы набегла з гноем і застыла мутная сьляза. Ніжняя губа яе вяла абвісла і дробна-дробна дрыжыць, нібы кабыла мерыцца плакаць і вось-вось зараз заплача наўзрыд. Кабыла заднюю левую нагу неяк падвярнула пад сябе і ад гэтага левая кульша яшчэ больш выпярлася ў худым баку, а бок яшчэ глыбей запаў.

У калёсах левае пярэдняе кола бяз шыны. У другім паміж сьпіц устаўлена кароценькае пацясанае паленца, каб ня ўгіналася шына. Патрэскаліся трубкі і вось-вось, здаецца, выпадуць сьпіцы, распадзецца кола. Сьпіцы з палкай зьвязаны вяровачкай. На калёсах не драбінкі, а толькі білы, выцясаныя з круглых маладых бярэзінак, крывыя. За біла прывязана пастронкам рабая карова. Худая. І ў яе вочы мутныя, нібы ў сьлёзах. Бацька адгадвае думкі Алеся і кажа:

— Хлеба няма, дый хлеў думаю дакрыць, кулёў трэба купіць, дык парашылі з маткай прадаць яе. Ён паказаў на карову. — Налета мо’ ўжо цялушка ацеліцца, а адно лета як-кольвеч і без малака пражывем, малых-жа няма...

У бацькі з-па лапленай рыжай шапкі відаць бліскучыя срэбрам валасы. Твар худы, а густая кароткая пасярэбраная барада і глыбока схаваныя вочы, робяць яго яшчэ худзейшым. На плячох сьвіта, не разабраць колеру. Сам яе калісьці бацька шыў, сам лапіў яе ня