Старонка:Вінаваты (1930).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цёпла ў плечы Алесю. Над далёка пакінутым ззаду горадам вісіць залатым кругам вялізнае, усходзячае сонца.

На сашы абсеў за ноч пласт шэрага мяккага пылу. Пыл і на кустах алешніку і на мураве сьцежкі, каля сашы. На кустох і на мураве блішчаць буйныя кроплі расы. Алесь нарошна шоргае босымі нагамі па роснам мураве і расой змывае асядаючы на ногі пыл.

Саша лягла перад ім простым белаватым паскам. Канцом сваім яна губіцца ў далячыні паміж хвой і адтуль паступова выпаўзае насустрач Алесю. Адтуль-жа ўздымаюцца, вырастаюць і паўзуць насустрач яму рэдкія сялянскія фурманкі. На фурманках, парасяты ў мяшкох верашчаць, кудахтаюць куры ў кошыках.

Алесь углядаецца ў твары едучых сялян, хоча разгадаць знаёмых, з свае вёскі. Вось ён здалёк пазнае бацьку. Бацька паціху ідзе па сашы з боку калёс, нізкі, апрануты ў нешта лахматае, лапленае. Конь чуць рухаецца. Да калёс прывязаная ідзе рабая карова. Алесь паскарае ходу, ён ужо блізка ад бацькі. Відаць і бацька пазнаў яго ўжо.

Параўналіся. Бацька спыніў каня: Алесь падышоў да яго, абняўшыся, павітаўся з ім.

Бацька радасны, ціхім голасам нешта апавядае, а ён ня слухае, азірае бацькавы калёсы.

У калёсах яшчэ ўсё старая сівая кабыла. На шыі ў кабылы абадраны стары хамут, пад яго пакладзена суконка. Пад сядзёлкай жалезнай таксама суконка ў