Старонка:Вінаваты (1930).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заглядаюць у вокны, ківаюць гольлем, лісьцямі, поўняць усё наўкола зялёнай ласкавай мякацьцю, праводзяць цягнік гучным шолахам і зьнікаюць ззаду ўжо за новымі ўзгоркамі. За імі насустрач сьцеляцца палявыя сумныя прасторы і на іх усплываюць шэрыя саламяныя стрэхі, потым такія-ж шэрыя сьцены хат, хлявоў... Ціх-та-тах, ціх-та-тах!.. 3 грукатам і ляскатам імчыцца цягнік і ўжо няма ў памяці далёкага гораду з агнямі...

Ад дыму, смуроду і гоману баліць галава. Ад стаяньня млеюць ногі. Вочы ня хочуць расплюшвацца. Млосна ад гарачыні і ад таго, што не пасьнедаў. Ногі падгінаюцца, дрыжаць. Плечы ўсё шчыльней і шчыльней туляцца да сьцяны. Шаўцу хочацца паволі, не расплюшчваючы воч, асунуцца ўніз і сесьці на памост, хоць на брудны, запляваны, закіданы недакуркамі папярос. Нехта патрос яго за плячо. Шавец падняў вочы, глянуў. Перад ім стаіць старэнькая гаспадыня, падае ліст.

— Штампель на пакеце, казённы мусіць, ды мо’ экстраны: на, прачытай!..

Шавец узяў ад гаспадыні пакет, нават забыўся падзякаваць. Дрыжэлі пальцы, як абрываў ражок конвэрту, і доўга ня мог папасьці алоўкам у парванае месца, каб разарваць зусім. 3 конвэрта выняў невялічкі, складзены ўдвое, кавалачак паперы і вочы ўлавілі надрукаванае вялікімі літарамі слова «Выпіска». Адышоў ад сьцяны і ніяк ня мог чытаць далей. «Выпіска... Выпіска... Выпіска з пратаколу паседжаньня... Контрольнай камісіі КП(б)Б... Выпіска... Вялікія лі-