Перайсці да зместу

Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).djvu/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І чорны круг прастрэліваў я часта
І многа атрымаў узнагарод
Ад дружбакоў. Але сягоння хочу

Мастацкі стрэл зрабіць, каб прагрымела

Маё імя па ўсёй маёй краіне.

(Па верхняй дарозе ідзе вясельны поезд. Тэль глядзіць, абапёршыся на лук. Штусі, палявы вартаўнік, падыходзіць да яго).

Штусі.

Вось з Марлішахена, з манастыра
Багаты фермер жэніцца сягоння,
Авечак многа мае ён на Альпах,
А маладую узяў ён з Імізээ
І ў гэту ноч у Кюснахце гулянка.
Ідзіце з намі! Кожнаму там рады.

Тэль.

Маркотны госць вяселле ўсё паганіць.

Штусі.

Пакіньце смутак, выганіце з сэрца.
Лавіце момант! Час цяпер не лёгкі:
Дык уцякаць не варта ад вяселля.
Вяселле тут, а можа дзе хаўтуры.

Тэль.

Адно прыходзіць часта за другім.

Штусі.

Такі ўжо свет. Бывае тут і там
Няшчасця досыць. Ў Глярнеры скала
Распалася і ўсыпала каменнем
Абшар вялікі там.