Перайсці да зместу

Старонка:Вялікі скарб нашай старасьвеччыны (Самойла).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Насамперш — некалькі слоў аб тым, як, дзе і калі знойдзены быў самы гэты памятнік.

У 1795 г. ведамы ў сваім часе расейскі асьветны дзеяч гр. Мусін-Пушкін знайшоў у м. Яраслаўлі рукапісны зборнік, якім паміж іншымі, популярнымі ў свой час, творамі, было і "Слова." Поўны тытул яго гучэў так: "Слово о пълку Игоревѣ Игоря Святославля, внука Ольгова. " Ужо з гэтага назову відаць, што твор пісаны быў у мове вельмі блізкай да царкоўна-славянскай (стара-баўгарскай, якая ў гэныя часы была, як ведама, мовай літаратурнай на ўсім абшары ўсходняга славянства.

Сьпісак, "Слова, " знойдзены Мусіным-Пушкіным, напісаны быў так званым полу-уставом," на падставе чаго, a таксама на падставе цэлага чароду фонэтычных і морфолёгічных асаблівасьцяў яго мовы, знаўцы адносяць рукапіс да XV-XVI в., не раней. На вялікі жаль, мы ня толькі ня маем ранейшых сьпіскаў "Слова," але нават гэны, пазьнейшы, напісаны тры-чатыры вякі пасьля ўлажэньня твору, згарэў у 1812 годзе, у часе вялікага маскоўскага пажару, узьнікшага на спатканьне Наполеона. Захавалася толькі копія, ці адпіс, гэнага сьпіску, зробленая, праўда, найлепшымі, як на тыя часы, знаўцамі палеографіі, але-ж праверыць дакладнасьць іхняга адпісу, паводле вымаганьняў сучаснае навукі, сталася немагчымым. Захавалася і тагачаснае друкаванае выданьне "Слова, " з перакладам на расейскую мову, зробленае ў Маскве ў 1800 г.

З гісторыі нашых старадаўніх багаслужэбных кнігаў мы ведаем, як шмат рабілася перапішчыкамі ў іх памылак. Асьвета наагул, нават у манастырох, стаяла на нізкім роўні. Таму незразумелыя ўпоўні рэчы, аб якіх пісалася ў кнігах, да таго-ж чужая, хаця ў значнай меры і зразумелая для асьвечаных людзей" кніжная мова, - усё гэта вельмі спрыяла памылкам пры перапісцы.

Памылкі гэныя, аднак-жа, маюць і нікаторую карысьць для навукі. Справа ў тым, што перапішчык, жыхар таго ці іншага дыалектычнага (моўнага) абшару, мімавольна ўносіў у сваю працу асаблівасьці яго жывое мовы. І вось, калі асаблівасьці пісьма, графікі, непамыльна сьведчаць аб часе старадаўняга рукапісу, дык з памылак у мове, якія зрабіў перапішчык, можна часта зрабіць няменш пераконываючы вывад аб мейсцы, абшары, дзе зроблены быў сьпісак. Фонэтычныя асаблівасьці сьпіску "Слова" сьведчаць аб тым, што ён паходзіць з Пскоўшчыны, якая, як ведама, зьяўляецца найбліжэйшай "дыалектычнай суседкай" беларускага моўнага абшару, прынамсі з боку вялікарускага.

Такім чынам, пасярэдніцтва сьпіску ХѴ ці ХVІ в., даючы указаньне на месца паходжаньня сьпіску, не дае магчымасьці дакладна судзіць аб абшары, на якім ўложана было самае "Слова. Затое — зьмест гэтага памятніку дае на наша пытаньне блізу зусім точны адказ. Да гэтага зьместу яго мы й пяройдзем.