Перайсці да зместу

Старонка:Вялікі скарб нашай старасьвеччыны (Самойла).pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

УЛАДЗІМЕР ЧЭМЕР

Вялікі скарб нашай старасьвеччыны

(750 угодкі >> Слова аб палку Ігаравым)

I.

У канцы мінулага году сьвяткаваліся, праўду кажучы, даволі малагучна, 750-тыя ўгодкі нарадзінаў паэтыцкага твору, які з гонарам можа вытрымаць параўнаньне з найвялікшымі пэрламі сусьветнай мастацкай літаратуры. Мы кажам аб старарускай паэме ХІІ веку, ведамай пад назовам "Слова аб палку Ігаравым."

Угодкі гэныя прайшлі так нягучна таму, што ўсе мы, усходнія славяне, не навучыліся яшчэ цаніць і шанаваць ні сябе, ні свае нацыянальныя скарбы, памяткі сваей слаўнай ці сумнай мінуўшчыны. Таму гэная поўная багацьця мінуўшчына, якая жыве ў гэтых памятках, ня жыве ў нас саміх, не ўзбагачывае сваімі скарбамі нашае душы, не ўскрашае ў нашай сьведамасьці гэнай мінуўшчыны, не зьвязывае з ей нашай сучаснасьці ў нейкае адзінае ў часе і прасторы — вялікае цэлае, у вялікі гмах — "грамаду" (Купала) гістарычнага народу, культурнае нацыі. Мы жывём у сваей большасьці, як нейкія, як кажуць расейцы, "Іваны непомнящіе, " не памятаючы свайго ўчарашняга дня, нават свайго запраўднага імя і прозьвішча... Таму мы й ня маем у сваей душы тае вялікае, трывалае і моцнае апоры, якую дае народу сталая духоўна - органічная сувязь з роднай мінуўшчынай. Таму, жывучы з дня на дзень, мы ня жывём яшчэ, як народ, жыцьцём культурна-гістарычным, нацыянальнай гісторыяй. Таму наш беларускі народ ня стаў яшчэ нанова тым, як кажуць, культурна-гістарычным народам, якім ён быў — можа першы з усіх усходніх славянаў — у сваей мінуўшчыне...

Шмат ёсьць шляхоў для кожнага народу, каб стацца вялікай культурна-гістарычнай нацыяй. Але яны ўсе, гэтыя шляхі, зыходзяцца на адным - на шляху самастойнага творства ў тых ці іншых палетках сусьветнай, агульна-чалавечай культуры. Але ўсялякае творства наагул магчыма толькі на грунце нацыянальнай самастойнасьці народу, якая вытвараецца ў яго гісторыі. Таму - першым шляхом для адраджэньня нашага народу, для адбудаваньня ім гэнае свае ролі каваля свайго ўласнага лёсу, тварца агульна-чалавечых цэннасьцяў, зьяўляецца навязаньне гэнай парванай у нас сувязі з роднай мінуўшчынай.

II.

Дамо-ж цяпер нашым чытачом дакладнае паняцьце аб гэтым творы.