Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

намаганні, каб напісаць пісьмо да Джо. Я думаю, гэта было прынамсі праз год пясля нашай аблавы на балотах, таму што на дварэ зноў стаяла зіма, і было вельмі марозна. З дапамогаю азбукі, якая ляжала для справак на падлозе ля маіх ног, мне ўдалося гадзіны за дзве надрапаць друкаванымі літарамі наступнае пасланне:

«мІл моІ Жо СПодзяЮс ты зДароф. СподзяЮс шТо Хутк БуДу ВучыЦ ціБе Жо І ТаДа БуДу Твоі вучаНь ТОТА БуДзе Весіла Жо. ЛуБячы цібЕ піп».

Мне не было ніякай асаблівай патрэбы пісаць пісьма для зносін з Джо, таму што ён сядзеў побач са мною, і мы былі адны. Тым не менш, я перадаў яму сваё пасланне, і Джо прыняў яго як верх вучонасці.

— Паслухай, Піп, дружа мой! — усклікнуў ён, шырока раскрываючы свае блакітныя вочы. — Ты-ж сапраўдны вучоны! Хіба не праўда?

— Мне-б хацелася быць вучоным, — сказаў я, пазіраючы на грыфельную дошку ў яго руках, з некаторым сумненнем, бо мне пачынала здавацца, што мая пісаніна як быццам ужо занадта падобна на рад узгоркаў.

— Чаго-ж табе яшчэ трэба? Вось яно Ж, а вось і О — лепш і жадаць нельга! Ж ды О, Піп, і выйдзе Джо.

Жадаючы выкарыстаць гэты выпадак, каб высветліць, ці прыдзецца мне пры навучанні Джо пачынаць з самага пачатку, я сказаў яму:

— А ну, Джо, прачытай астатняе.

— Астатняе, Піп? — адазваўся Джо, павольна, з неўразуменнем разглядаючы дошку. — Раз, два, тры; тут тры Ж і тры О, значыцца і тры Джо. Хіба не так, Піп?

Я нагнуўся цераз яго плячо, і, водзячы пальцам па дошцы, прачытаў яму ўсё пісьмо.

— Дзіва ды годзе! — усклікнуў Джо, калі я скончыў. — Ды ты-ж сапраўдны вучоны!

— А як ты складаеш «Гарджэры», Джо? — запытаўся я ў яго скромна-апякунскім тонам.