Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты дастанеш мне падпілак. — Ён зноў страсануў мяне. — Ты дастанеш мне паесці. — Новая ўстраска. — Ты прынясеш мне адно і другое, а не, дык я вырву з цябе сэрца з пячонкай. — Устраска паўтарылася.

Я страшэнна перапалохаўся, і ў мяне так закружылася галава ад гэтых устрасак, што я ўчапіўся за яго абодвума рукамі і сказаў:

— Калі-б вы былі так ласкавы, пакінулі-б трэсці мяне, дык мне, можа, не было-б так моташна, і я лепш зразумеў-бы вас.

Тут ён задаў мне самую вялікую ўстраску, затым узяў мяне за рукі і, паставіўшы на камень, сказаў наступную страшную прамову:

— Заўтра раніцою, надосвітку, ты прынясеш мне падпілак і чаго-небудзь паесці. Усё гэта ты прынясеш вунь на тую старую батарэю. Ты выканаеш мой загад, і ніколі ні словам, ні знакам не пасмееш намякнуць ні адной жывой душы, што бачыў мяне. Зрабі ўсё як я казаў, і астанешся жывым. А папрабуеш ашукаць мяне, тады бывай тваё сэрца і печань! Так і знай: я іх вырву, спяку і з‘ем. Прытым трэба табе сказаць, я не адзін, як ты, мабыць, думаеш. У мяне тут прыхован адзін малойчык, — дык у параўнанні з ім я проста авечка.

Я сказаў, што прынясу падпілак і ўсё, што ўдасца сабраць з ежы, і абяцаў прысці на батарэю досвіткам.

Я сказаў, што прынясу падпілак і ўсё, што ўдасца сабраць з ежы, і абяцаў прысці на батарэю досвіткам.

— Кляніся! Гавары: «Няхай заб‘е мяне пярун, калі гэтага не зраблю».

Я паўтарыў клятву; ён зняў мяне з каменя і сказаў:

— Памятай-жа сваё абяцанне, памятай майго малойчыка. Цяпер можаш ісці дадому.

— Спакойнай ночы, сэр, — прашаптаў я.

— Які ўжо тут спакой! — буркнуў ён, акідаючы позіркам халодную, мокрую раўніну. — Дорага-б я даў, каб быць лягушкай або вугром.