Герберт памясціўся на носе, а я на рулі. Вада паднялася ўжо высока, была палова дзевятай.
План наш заключаўся ў наступным: адліў павінен быў пачацца а дзевятай гадзіне, да трох гадзін мы павінны былі плысці па цячэнню, а з пачаткам прыліву мелі намер патроху рухацца супроць цячэння і ісці наперад, да прыцемкаў. К гэтаму часу мы спадзяваліся дабрацца да тых месц Темзы, якія знаходзяцца ніжэй Грэўзенда, паміж Эсексам і Кентам.
Я адчуваў велізарную палёгку ад таго, што мы ўзяліся нарэшце за выкананне даўно задуманага плана, і пачаў ужо забываць аб тым становішчы, у якім знаходзіўся ўсяго толькі некалькі гадзін таму назад. Свежае паветра, сонечнае святло, рух па рацэ, нават сама рака, якая рухалася заадно з намі і, здавалася… натхняла і падбадзёрвала нас, зноў абнадзеілі мяне. Мяне страшэнна засмучала, што я прыносіў так мала карысці, але сябры мае былі вельмі добрымі грабцамі і так роўна, так спрытна працавалі вёсламі, што без асаблівай стомленасці маглі грабці цэлы дзень.
Вось на якары стаіць параход, што адпраўляецца заўтра ў Ротэрдам, — мы яго ўважліва агледзелі; далей другі, што ідзе ў Гамбург, — мы праехалі пад самым яго бугшпрытам. Але вось я, седзячы ля руля тварам да носа лодкі, з хваляваннем заўважаю прыстань Заштатнай грэблі.
— Ён там? — пытаецца Герберт.
— Няма яшчэ.
— Вельмі добра. Ён не павінен выходзіць з дому, пакуль не ўбачыць нас. Ці бачыш ты яго сігнал у акне?
— Адсюль цяжка разглядзець. Здаецца, бачу… Так, бачу, а вось і ён сам. Наваліся! Цішэй, Герберт. Вёслы.
На адзін міг мы спыніліся ля прыстані; ён у лодцы, і мы зноў адчальваем. На ім ранейшы матроскі шынель, у руках чорны парусінавы мяшок. У яго від лоцмана.
309