Да серады заставалася так мала часу, што мы не захацелі чакаць дыліжанса, а рашылі ў тую-ж ноч вярнуцца ў Лондан у паштовай карэце; мы рашыліся на гэта яшчэ і таму, што такім чынам маглі выехаць з горада раней, чым распаўсюдзяцца чуткі аб начным здарэнні.
Сябры мае даглядалі мяне цэлы дзень, безупынна мяняючы кампрэс і даючы мне жарапаніжаючае піццё. Але ўсякі раз, як я засынаў, я прачынаўся з усведамленнем, што я ўсё яшчэ знаходжуся ў доміку ля шлюза, што я хворы ўжо шмат дзён і што выпадак выратаваць Провіса ўпушчан назаўсёды.
Раніца толькі яшчэ пачыналася, калі я выглянуў у акно. Агеньчыкі ліхтароў на мастах пабляднелі ўжо, узыходзячае сонца ўтварыла на гарызонце вогненнае возера.
Герберт і Стартоп яшчэ спалі, адзін на сваім ложку, другі на канапе. Без іх дапамогі я не мог адзецца, затое я паправіў агонь, які патухаў ужо ў каміне, і зварыў для іх кофе. Неўзабаве падняліся і мае сябры, здаровыя і бадзёрыя. Мы расчынілі вокны, упусцілі да сябе свежае ранішняе паветра і заглядзеліся на раку, на якой усё яшчэ падымаўся прыліў.
— Калі праб‘е дзевяць гадзін, будзьце гатовы і чакайце нас там, на Млынарнай грэблі! — весела крыкнуў Герберт.
РАЗДЗЕЛ XLIX
Гэта было ў адзін з сакавіцкіх дзён, калі адначасова і сонца прыпякае і дзьме халодны вецер, калі ў ценю зіма, а на сонцы лета. Мы ўзялі с сабою непрамакальныя плашчы, а я, звыш таго, захапіў яшчэ дарожны мяшок, у якім знаходзіліся самыя неабходныя рэчы.
Чынна, паважна спусціліся мы па ступеньках Тэмпльскай прыстані, некаторы час яшчэ прамарудзілі ўнізе, як быццам не рашылі, паедзем мы катацца, ці не.
308