Перайсці да зместу

Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/311

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Любы хлопчык! — кажа ён, сядаючы на лаўку і паклаўшы руку мне на плячо. — Верны мой хлопчык! Надзвычай добра ўсё ўладзіў. Дзякую, дзякую.

Зноў імчымся мы паміж радамі караблёў, стараючыся не наткнуцца на іржавыя якары, сцёртыя пяньковыя канаты, баканы і буйкі, топячы паламаныя кошыкі, што пападаліся нам насустрач, распіхваючы сплыўшыя па рацэ трэскі, паленне і вуглі. Нарэшце мы апынуліся ў адкрытай прасторы, тут вецер гуляў на волі і разгортваліся складзеныя парусы.

Ля прыстані, калі мы бралі Провіса, і потым некалькі разоў я асцярожна азіраўся, ці не заўважу чаго падазронага. Але ўсё здавалася ідзе добра.

Провіс, як я ўжо сказаў, быў адзеты ў матроскі шынель і выглядам сваім цалкам адпавядаў вакольнай абстаноўцы. Ён быў усхваляваны менш за нас усіх. Нельга сказаць, каб ён трымаўся абыякава: ён казаў мне, што яму вельмі хочацца дажыць да таго часу, калі ён убачыць свайго джэнтльмена адным з самых першых людзей на чужыне. Але вяласць не ў яго характары, яго не трывожыла небяспека, пакуль яе не было ў наяўнасці. Няхай прыдзе яна — і ён сустрэне яе тварам у твар, але да таго часу не будзе турбавацца.

— Калі-б ты ведаў, як мне прыемна, пакурваючы люлечку, сядзець побач з табою, дарагі мой хлопчык, пасля таго, як я прабыў цэлую вечнасць у чатырох сценах, — далібог, ты пазайздросціў-бы мне! Але табе гэтага не зразумець.

— Не, я разумею, якую асалоду дастаўляе воля, — сказаў я.

— Бачыш, мой любы, калі я быў там, далёка, мяне ўсё цягнула сюды. Нудна мне там было, хоць я і багацеў не па днях, а па гадзінах. Там усе ведалі Мегвіча, Мегвіч мог бываць, дзе хацеў, і ніхто аб ім не турбаваўся. Тут да мяне не так лёгка адносяцца, дакладней сказаць не так лёгка адносіліся-б, калі-б ведалі, дзе я.

310