Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і вельмі многа ўжо прышлося яму паплаціцца за сваю празмерную чуллівасць.

На працягу першага года пасля свайго пасялення на вялікай дарозе Акім быў так заняты пабудовай двара, наладжаннем гаспадаркі і ўсімі клопатамі, якія неразлучны з кожным новаселлем, што яму зусім не было калі думаць аб жанчынах, а калі і прыходзілі яму ў галаву якія-небудзь грэшныя думкі, дык ён іх адразу-ж праганяў чытаннем розных свяшчэнных кніжак, да якіх адчуваў вялікую павагу (грамаце ён навучыўся яшчэ з першай сваёй паездкі), апяваннем упоўголаса псалмаў, або іншым якім богабаязным заняткам. — Прытым-жа, яму пайшоў ужо тады 46-ы год — а ў гэтыя годы ўсякія страсці прыкметна заціхаюць і стынуць, і для жаніцьбы прайшла пара. Акім сам пачынаў думаць, што з яго гэта дураслівасць, як ён казаў выскачыла… ды, як відаць, свайго лёсу не мінеш…

Былая Акімава памешчыца, Лізавета Прохараўна Кунцэ — штаб-афіцэрша, якая засталася ўдавой пасля мужа нямецкага паходжання, была сама ўраджэнка горада Мітавы, дзе яна правяла першыя гады свайго дзяцінства і дзе ў яе заставалася вельмі шматлікая і бедная сям’я, аб якой яна, між іншым, клапацілася мала, асабліва з таго часу, як адзін з яе братоў, армейскі пяхотны афіцэр, выпадкова заехаў да яе ў дом і на другі-ж дзень да таго разбуяніўся, што ледзь не прыбіў самой гаспадыні, назваўшы яе прытым: «du, Lumpenmamsell!», між тым, як напярэдадні сам велічаў яе ломанай рускай мовай: «сястрыца і дабрадзейка». Лізавета Прохараўна амаль бязвыездна жыла ў сваім прыгожанькім, працамі мужа, былога архітэктара, набытым маёнтку; сама ім кіравала і вельмі нядрэнна кіравала. Лізавета Прохараўна не ўпускала ні найменшай сваёй выгады, з усяго атрымлівала карысць для сябе; і ў гэтым, ды яшчэ ў надзвычайным уменні траціць замест граша капейку, выявілася яе нямецкая прырода: ва ўсім іншым яна вельмі абрусела. Дворні ў яе была заўсёды значная колькасць; асабліва многа яна трымала дзевак, якія, між іншым, елі хлеб не дарэмна: з рання да ночы спіны іх не разгіналіся над работай. Яна любіла выязджаць у карэце, з ліўрэйнымі лакеямі на запятках; любіла, каб ёй нашэптвалі розныя плёткі, і сама выдатна пляткарыла; любіла ўзнагародзіць чалавека сваёй ласкай і раптам паразіць яго няміласцю, — адным словам, Лізавета Прохараўна трымала сябе якраз як пані. — Акіма яна жалавала, — аброк вельмі значны ён плаціў ёй спраўна, — ласкава з ім