Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

загаварвала, і нават, жартуючы, запрашала яго да сябе ў госці… але іменна ў панскім доме чакала Акіма бяда.

У ліку пакаёвак Лізаветы Прохараўны была адна дзяўчына год дваццаці, сірата, па імю Дуняша. Яна была прыгожая, стройная і спрытная; рысы яе, хоць няправільныя, але маглі спадабацца: свежы колер скуры, густыя белакурыя валасы, жывыя шэрыя волкі, маленькі круглы нос, румяныя губы і асабліва нейкі развязны, поўнасмешлівы, задзірысты выраз твару — усё гэта было досыць міла ў сваім родзе. Прытым, яна, не гледзячы на сваё сіроцтва, трымала сябе строга, амаль ганарліва; яна паходзіла ад сталбавых дваравых, яе нябожчык бацька Арэфій гадоў трыццаць быў ключнікам, а дзед Сцяпан служыў камердынерам у аднаго даўно памёршага пана, гвардыі-сержанта і князя. Апраналася яна чыста і франціла сваімі рукамі, якія, сапраўды, былі вельмі прыгожыя. Дуняша выяўляла вялікую пагарду да ўсіх сваіх паклоннікаў, з самаўпэўненай усмешкай выслухоўвала іх ласкавыя словы, і калі і адказвала ім, то больш за ўсё аднымі выклікамі накшталт: «так! як-жа! стану я! вось яшчэ!..» Гэтыя выклікі ў яе амаль не зыходзілі з языка. Дуняша правяла каля трох год у Маскве ў вучэнні, дзе яна набыла тыя асаблівыя грымасы і замашкі, якімі вызначаюцца пакаёўкі, якія пабывалі ў сталіцах. Пра яе гаварылі, як пра дзяўчыну з самалюбнасцю (вялікая пахвала ў вуснах дваровых людзей), якая хоць і бывала ў пераплётах, аднак, годнасці сваёй не страціла. Шыла яна таксама нядрэнна, але за ўсё гэта Лізавета Прохараўна да яе не надта прыязна адносілася, з ласкі галоўнай пакаёўкі Кірылаўны, жанчыны ўжо не маладой, пранырлівай і хітрай. Кірылаўна карысталася вялікім уплывам на сваю паню і вельмі лоўка ўмела адстараняць суперніц.

У гэту вось Дуняшу і закахаўся Акім! Ды так, як раней ніколі яшчэ не кахаў. Ён спачатку ўбачыў яе ў царкве: яна толькі што вярнулася з Масквы… затым сустракаўся з ёю некалькі разоў у панскім доме, нарэшце, правёў з ёю цэлы вечар у прыказчыка, куды яго запрасілі на чай, разам з іншымі пачэснымі людзьмі. Дваровыя ім не грэбавалі, хоць ён і не належаў да іх саслоўя і насіў бараду; але ён быў чалавек адукаваны, пісьменны, і галоўнае — з грашыма; прытым, і апранаўся ён не па-мужыцку, насіў доўгі кафтан з чорнага сукна, боты навырост і хустачку на шыі. Праўда, іншыя дваровыя і талкавалі між сабой, што, моў, усё-такі відаць, што ён не наш, але ў вочы яму падлізваліся. У той вечар