Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

далёка не мог зраўняцца з Навумам ва ўменні гаспадарыць. У Акіма ўсё было больш па-старадаўняму, цёпла, але не зусім чыста; і авёс у яго трапляўся лёгкі або падмочаны, і ежа варылася з грахом папалам; у яго часамі і такую страву падавалі на стол, што лепш-бы ёй зусім у печы заставацца, і не тое, каб ён на харчы скупіўся, а так — баба не дагледзіць. Затое ён і цану гатоў быў збавіць, і ў доўг, бадай, не адмаўляўся паверыць, адным словам, — добры быў чалавек, ласкавы гаспадар. На размовы, на пачастункі ён таксама быў падатлівы; за самаварам, бывала, так разляпечацца, што вушы развесіш, асабліва, як стане расказваць пра Піцер, пра стэпы чэркаскія, або вось яшчэ пра заморскую краіну; ну, і выпіць, разумеецца, з добрым чалавекам любіў, толькі не да агіднасці, а больш за кампанію — так аб ім адзываліся праезджыя. Вельмі спрыяльна да яго адносіліся купцы і наогул усе тыя людзі, якіх называюць старазаветнымі, тыя людзі, якія, не падперазаўшыся, у дарогу не паедуць, і ў пакой не ўвойдуць, не перахрысціўшыся, і не загавораць з чалавекам, не прывітаўшыся з ім перш. Ужо адзін выгляд Акіма прыцягваў да сябе: ён быў росту высокага, крыху худаваты, але вельмі стройны, нават у сталых гадах, твар меў доўгі, прыстойны і правільны: высокі і адкрыты лоб, нос просты і тонкі і невялікія губы. Позірк яго карых на выкаце вачэй так і ззяў ветлівай прыгажосцю, рэдкія і мяккія валасы завіваліся ў кольцы каля шыі: на макаўцы іх заставалася нямнога. Гук Акімавага голасу быў вельмі прыемны, хоць слабы; у маладосці ён выдатна спяваў, але доўгія вандраванні на адкрытым паветры, зімой, расстроілі яго грудзі. Затое гаварыў ён вельмі плаўна і соладка. Калі ён смяяўся, у яго каля вачэй паяўляліся праменепадобныя маршчынкі, надзвычай мілыя з выгляду: — толькі ў добрых людзей можна заўважыць такія маршчынкі. Рухі Акіма большай часткай былі марудныя і не пазбаўлены некаторай упэўненасці і важнай пачцівасці, як у чалавека бывалага і шмат бачыўшага на сваім вяку.

Якраз усім быў-бы добры Акім, або, — як яго называлі нават у панскім доме, куды ён хадзіў часта і ўжо абавязкова па нядзелях, пасля абедні, — Акім Сямёнавіч, — усім-бы быў ён добры, каб не было ў яго адной слабасці, якая ўжо многіх людзей на зямлі загубіла, а пад канец загубіла і яго самога, — слабасць да жаночага полу. Улюбчывасць Акіма даходзіла да крайнасці: сэрца яго ніяк не ўмела працівіцца жаночаму позірку, ён таяў ад яго, як першы асенні снег ад сонца…