Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, у Пецербургу, яна гэтымі днямі сюды прыехала; збіраецца за граніцу.

— Што за чалавек яе муж? — запытаўся я.

— Цудоўны хлапец, багаты. Супрацоўнік мой, маскоўскі. Вы разумееце — пасля той гісторыі… вам гэта ўсё павінна быць добра вядома… (Майданаў значна ўсміхнуўся) ёй не лёгка было саставіць сабе партыю; былі вынікі… але з яе розумам усё магчыма. Ідзіце да яе: яна вам будзе вельмі рада. Яна яшчэ прыгажэйшай стала.

Майданаў даў мне адрас Зінаіды. Яна спынілася ў гасцініцы Дэмут. Старыя ўспаміны ў мне заварушыліся… я даў сабе слова на другі дзень наведаць былую маю «пасію». Але выпалі нейкія справы: прайшоў тыдзень, другі, і калі я нарэшце адправіўся ў гасцініцу Дэмут і запытаў паню Дольскую — я даведаўся, што яна чатыры дні таму назад памерла — амаль раптоўна — ад родаў.

Мяне як быццам штосьці ў сэрца штурхнула. Думка, што я мог яе ўбачыць — і не ўбачыў — і не ўбачу яе ніколі — гэтая горкая думка ўпілася ў мяне з усёй сілай неадбіўнага дакору. Памерла! — паўтарыў я, тупа гледзячы на швейцара, ціха выбраўся на вуліцу і пайшоў, не ведаючы сам куды. Усё мінулае адразу ўсплыло і стала перада мною. І вось чым скончылася, вось да чаго, спяшаючыся і хвалюючыся, імкнулася гэта маладое, гарачае, прыгожае жыццё! Я гэта думаў, я ўяўляў сабе гэтыя дарагія рысы, гэтыя вочы, гэтыя кудры — у цеснай скрынцы, у сырой падземнай цемры — тут-жа, недалёка ад мяне, пакуль яшчэ жывога, і, магчыма, у некалькіх кроках ад майго бацькі… Я ўсё гэта думаў, я напружваў сваё ўяўленне, а між тым —

„Из равнодушных уст услышал смерти весть
И равнодушно ей внимал я…“

гучэла ў маёй душы. О маладосць! маладосць! Табе ні да чаго няма справы, ты як быццам-бы ўладаеш усімі скарбамі сусвету, нават смутак цябе цешыць, нават сум табе да твару, ты самаўпэўненая і дзёрзкая, ты гаворыш: я адна жыву — глядзіце — а ў самой дні бягуць і знікаюць бясследна і безлічна, і ўсё ў табе знікае, як воск на сонцы, як снег… І, магчыма, уся таямніца твайго хараства заключаецца не ў магчымасці ўсё зрабіць, а ў магчымасці думаць, што ты ўсё зробіш — заключаецца іменна ў тым, што ты пускаеш па ветру сілы, якія ні на што іншае скарыстаць-бы не ўмела, — у тым,