Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рукі! А мусіць можна, калі кахаеш… А я вось… я вось уяўляў»…

Апошні месяц мяне надта састарыў — і маё каханне, з усімі сваімі хваляваннямі і пакутамі, здалося мне самому нечым такім маленькім, і дзіцячым, і мізэрным перад тым іншым, невядомым нечым, аб якім я ледзь толькі мог здагадвацца і якое мяне палохала, як незнаёмы прыгожы, але грозны твар, які дарэмна намагаешся разгледзець у змроку.

Дзіўны і страшны сон прысніўся мне ў гэту ноч. Мне здавалася, што я ўваходжу ў нізкі, цёмны пакой… Бацька стаіць з бізуном у руцэ і тупае нагамі; у кутку прыціснулася Зінаіда — і не на руцэ, а на ілбу ў яе чырвоная рыса… а ззаду ў іх абодвух падымаецца ўвесь акрываўлены Белазораў — раскрывае бледныя губы і гнеўна грозіць бацьку.

Праз два месяцы я паступіў ва універсітэт, а праз поўгода бацька мой памёр (ад удару) у Пецербургу, куды толькі што перасяліўся з маёй маткай і са мною. За некалькі дзён да сваёй смерці ён атрымаў пісьмо з Масквы, якое яго надзвычай усхвалявала… Ён хадзіў прасіць аб нечым матулю, і, кажуць, нават заплакаў ён, мой бацька! Досвіткам таго дня, калі з ім здарыўся удар, ён пачаў пісаць пісьмо да мяне на французскай мове: «Сын мой, — пісаў ён мне, — бойся жаночага кахання — бойся гэтага шчасця, гэтай атруты»… Матуля, пасля яго смерці, паслала досыць значную суму грошай у Маскву.

XXII

Прайшло гады чатыры. Я толькі што вышаў з універсітэта і не ведаў яшчэ добра, што мне пачаць з сабою, у якія дзверы пастукаць; цягаўся пакуль без справы. У адзін цудоўны вечар я ў тэатры сустрэў Майданава. Ён паспеў ажаніцца і паступіць на службу — але я не знайшоў у ім перамены. Ён таксама непатрэбна захапляўся і таксама раптоўна падаў духам.

— Вы ведаеце, — сказаў ён мне, між іншым: — пані Дольская тут.

— Якая пані Дольская?

— Хіба вы забыліся? былая княжна Засекіна, у якую мы ўсе былі закаханы, ды і вы таксама. Памятаеце, на дачы, каля Няскучнага?

— Яна замужам за Дольскім?

— Так.

— І яна тут, у тэатры?