Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што кожны з нас без жартаў лічыць сябе марнатраўцам, не жартуючы лічыць, што ён мае права сказаць: О што-б я зрабіў, калі-б я не страціў часу дарэмна!

Вось і я… на што я спадзяваўся, чаго я чакаў, якую багатую будучыню прадбачыў, калі ледзь праводзіў адным уздыхам, адным тужлівым адчуваннем на момант узнікшую здань майго першага кахання?

А што збылося з усяго таго, на што я спадзяваўся? І цяпер, калі ўжо на жыццё маё пачынаюць набягаць вячэрнія цені, што ў мяне засталося больш свежага, больш дарагога, чым успаміны аб той хутка праляцеўшай, ранішняй, вясенняй навальніцы?

Але я дарэмна наводжу на сябе паклёп. І тады, у той лёгкадумны, малады час, я не застаўся глухім на сумны голас, які клікаў мяне, на ўрачысты гук, што даляцеў да мяне з-за магілы. Памятаецца, праз некалькі дзён пасля таго дня, калі я даведаўся аб смерці Зінаіды, я сам, па ўласнай непераадольнай заманлівасці, прысутнічаў пры смерці адной беднай старэнькай, якая жыла ў адным з намі доме. Пакрытая лахманамі, на цвёрдых дошках, з мяшком пад галавою, яна цяжка і пакутліва сканала. Усё жыццё яе прайшло ў горкай барацьбе са штодзённай беднасцю, не бачыла яна радасці, не паспытала ад мёду шчасця — здавалася, як гэта ёй не ўзрадавацца смерці, як свабодзе, як спакою? А між тым пакуль яе старое цела яшчэ ўпіралася, пакуль грудзі яшчэ пакутліва ўздымаліся пад налёгшай на яе ледзянячай рукою, пакуль яе не пакінулі апошнія сілы, старэнькая ўсё хрысцілася і ўсё шаптала — божанька, даруй мне грахі мае… і толькі з апошняй іскрой свядомасці знік у яе вачах выраз страху і жудасці сканання… І памятаю я, што тут, ля пасцелі гэтай беднай старэнькай, мне стала страшна за Зінаіду, і захацелася мне памаліцца за яе, за бацьку — і за сябе.

1860г.