Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ням кахання. А то, што карысці? Куды-б хваля не панесла — усё дрэнна: чалавек хоць на камені стой — ды на сваіх нагах. Я, вось, кашляю… а Белаўзораў — вы чулі?

— Што такое? не.

— Без весткі загінуў, кажуць, на Каўказ паехаў. Урок вам, малады чалавек. А ўся штука з-за таго, што не ўмеюць своечасова расстацца, разарваць сеці. Вось вы, здаецца, выскачылі шчасліва. Глядзіце-ж, не пападзіцеся зноў. Бывайце.

«Не пападуся», думаў я… «не ўбачу яе больш»; але мне было суджана яшчэ раз ўбачыць Зінаіду.

ХХІ

Бацька мой кожны дзень выязджаў конна; у яго быў слаўны рыжа-буланы англійскі конь, з доўгай тонкай шыяй і доўгімі нагамі, нястомны і злосны; яго звалі Электрык. Апрача бацькі на ім ніхто не мог ездзіць. Аднойчы ён прышоў да мяне ў добрым настроі, чаго з ім даўно не бывала; ён збіраўся выехаць і ўжо надзеў шпоры. Я стаў прасіць яго ўзяць мяне з сабою.

— Давай лепш гуляць у чахарду, — адказваў мне бацька:  — а то ты на сваім клеперы за мной не паспееш.

— Паспею; я таксама шпоры надзену.

— Ну давай.

Мы паехалі. У мяне быў вараненькі, касматы конік, моцны на ногі і досыць жвавы; праўда, яму даводзілася імчацца ва ўсе лапаткі, калі Электрык ішоў поўнай рыссю, але я ўсё-такі не адставаў. Я не бачыў такога конніка, як мой бацька; ён сядзеў так прыгожа і абыякава лоўка, што, здавалася, сам конь пад ім гэта адчуваў і ганарыўся ім. Мы праехалі па ўсіх бульварах, пабывалі на дзявічым полі, пераскочылі цераз некалькі платоў (перш я баяўся скакаць, але бацька ненавідзеў нясмелых людзей, — і я перастаў баяцца), пераехалі двойчы цераз Маскву-раку, і я ўжо думаў, што мы вяртаемся дадому, тым больш, што сам бацька заўважыў, што конь мой прыстаў, як раптам ён павярнуў ад мяне ў бок ад Крымскага броду і паехаў уздоўж берага. — Я пусціўся ўслед за ім. Параўняўшыся з высокай грудай складзеных старых бярвенняў, ён спрытна саскочыў з Электрыка, загадаў мне злезці і, аддаўшы мне павады свайго каня, сказаў, каб я пачакаў яго тут, ля бярвення, а сам павярнуў у невялікі завулак і знік. Я пачаў хадзіць узад і ўперад уздоўж берага, ведучы