Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

за сабой коней і сварачыся на Электрыка, які на хаду ўвесь час тузаў галавой, абтрасаўся, фыркаў, іржаў; а калі я спыніўся, папераменна біў капытамі зямлю, пішчэў і кусаў майго клепера за шыю, адным словам, трымаў сябе як спешчаны pur sang. Бацька не вяртаўся. Ад ракі несла непрыемнай сырасцю: дробны дожджык знячэўку пайшоў і парабіў маленечкімі цёмнымі плямамі моцна надакучыўшыя мне шэрыя бярвенні, каля якіх я вандраваў. Смутак мяне агортваў, а бацькі ўсё не было. Нейкі будачнік з чухонцаў, таксама ўвесь шэры, з вялізным ківерам, у выглядзе гаршка, на галаве і з алебардай (навошта, здаецца, было будачніку цягацца па беразе Масквы-ракі!) наблізіўся да мяне і, павярнуўшы да мяне свой старэчы зморшчаны твар, прагаварыў: — Што вы тут робіце з коньмі, паніч? Дайце, я патрымаю.

Я не адказваў яму; ён прасіў у мяне табаку. Каб адчапіцца ад яго (да таго-ж, нецярплівасць мяне мучыла), я зрабіў некалькі крокаў у тым напрамку, куды пайшоў бацька; затым прайшоў завулачак да канца, павярнуў за вугал і спыніўся. На вуліцы за сорак крокаў ад мяне перад расчыненым акном драўлянага доміка, спіной да мяне, стаяў мой бацька; ён апіраўся грудзьмі на падаконнік, а ў доміку, да паловы закрытая фіранкай, сядзела жанчына ў цёмнай сукенцы і размаўляла з бацькам; гэта жанчына была Зінаіда.

Я аслупянеў. Гэтага я, прызнаюся, ніяк не чакаў. Першым рухам маім было — уцячы. «Бацька азірнецца», падумаў я, «і я прапаў»… але дзіўнае пачуццё, пачуццё мацней за цікаўнасць, мацней нават за рэўнасць, мацней за страх — спыніла мяне. Я стаў глядзець, я намагаўся прыслухацца. Здавалася, бацька дамагаўся чагосьці. Зінаіда не згаджалася. Я як цяпер бачу яе твар — сумны, сур’ёзны, прыгожы і з невыказным адбіткам адданасці, смутку, кахання — і нейкай роспачы — я іншага слова падабраць не магу. Яна гаварыла аднаскладовыя словы, не падымала вачэй і толькі ўсміхалася — пакорліва і ўпарта. Па адной гэтай усмешцы я пазнаў маю ранейшую Зінаіду. Бацька паціснуў плячыма і паправіў капялюш на галаве — што ў яго заўсёды было адзнакай нецярплівасці… Затым пачуліся словы: Vous devez vous sèparer de cette… Зінаіда выпрасталася і працягнула руку… Раптам у вачах маіх адбылася невераемная справа: бацька нечакана падняў бізун, якім збіваў пыл з палы свайго сурдута — і пачуўся рэзкі ўдар па гэтай аголенай да локця руцэ. Я ледзьве стрымаўся, каб не закрычаць, а Зінаіда ўздрыганулася, моўчкі паглядзела на майго бацьку і, павольна паднёсшы сваю руку да губ,